Да канца году Мінскі райвыканкам нарэжа яшчэ не менш за 20 тысяч участкаў пад забудову.

Рынак загараднай нерухомасці ўпаў. Зрэшты, не ўвесь, але важны сегмент. Рэзка знізіліся цэны на некаторыя зямельныя ўчасткі пад Мінскам. І прадаўцы яшчэ гатовыя таргавацца. Гэта тым больш дзіўна, што

на аўкцыёнах у студзені соткі ў Цнянцы, Сёмкаве і Лапаровічах ішлі за 100–135 мільёнаў рублёў. А ў пачатку траўня два кавалкі былой раллі па 15 сотак у Сёмкаве купілі практычна па кадастравым кошце — у 2–2,5 разы танней. Сюрпрыз? Другая хваля крызісу? Не, у гэтай загадкі іншая адгадка.

Спакуса

Была дача раскошай. І перастала ёю быць у канцы 80-х, калі ўрад пайшоў на рашучы крок і арганізаваў шмат садовых таварыстваў. Маўляў, бярыце, таварышы, карыстайцеся, радуйцеся жыццю і не зайздросцьце больш тым, у каго дача ёсць. Нешта вельмі падобнае адбываецца ў нас і цяпер. Толькі стаўка не 6 сотак, а 15–25. Атрымаць іх бясплатна могуць грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. У Мінскай вобласці, напрыклад, гэта ў першую чаргу тыя, якія жывуць і працуюць на тэрыторыі пэўнага сельсавета, у другую — на тэрыторыі раёну і ў трэцюю — усе астатнія.

Іншымі словамі, любы мінчук (гамяльчук, палачанін, уздзенец і г.д.), калі ён чаргавік, можа прыехаць, скажам, у прывабны блізкасцю да Мінску Бараўлянскі сельсавет і пакінуць заяву аб выдзяленні зямлі.
Нават тым, хто ўжо меў участак, але прадаў, або жадае яшчэ адзін, катэгарычна не адмовяць, а проста паставяць у чацвертую чаргу. У ёй стаяць і аматары сельскіх ландшафтаў, якія зусім не маюць патрэбу ў жыллі. Цяпер пытанне: дзе ўзяць ландшафты?

«Зямлі хопіць усім», — абнадзеіў начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Мінскага раёну Алег Баліцкі. У чарзе па яе ў наваколлі Мінска стаіць 21 тысяча сем’яў.

Да канца году выканкам абяцае забяспечыць практычна ўсіх ахвотных: нарэжа яшчэ не менш за 20 тысяч участкаў. Спатрэбіцца — знойдуць і яшчэ. Праўда, у чыстым полі.

Перад дарожнікамі, энергетыкамі і камунальнікамі, вядома, пастаўленая задача накіроўваць грошы з інавацыйнага фонду або дзяржпраграм на развіццё сельскай інфраструктуры. А там ужо як атрымаецца. Калі памятаеце, дачнікі 80-х бурылі свідравіны і стваралі трансфарматарныя будкі за свой кошт. Але дом — не дача. Каб у ім нармальна жыць, патрэбныя не толькі святло, вада і дарога, але яшчэ газ, дзіцячыя садкі, школа, крамы. Чаго ў дастатковай колькасці няма не толькі на «зноў асвойваных тэрыторыях», але і ў абжытых вёсках пад Мінскам.

Бізнэс на месцах

Але падобна да таго, што гэтыя праблемы менш за ўсё цяпер хвалююць землеатрымальнікаў.

«90 працэнтаў выдзеленых участкаў апынуцца на рынку нерухомасці, — упэўнены Уладзімір Чарнушэвіч, дырэктар агенцтва нерухомасці „Загарадны дом“. — Так што працы нам хопіць як мінімум на 20 гадоў. Бо значная колькасць земляў аддадзеная будаўнічым кампаніям пад узвядзенне катэджавых пасёлкаў».
Пра лічбы, вядома, можна спрачацца. Аднак старшыні сельскіх саветаў не адмаўляюць, што значная частка патэнцыйных забудоўшчыкаў, яшчэ не аформіўшы зямлю ў пажыццёвае спадчыннае валоданне, цікавіцца працэдурай кансервацыі будынку.

Але ўсё гэта не тлумачыць галоўнага.

Чаму ўпаў рынак прыгараднай нерухомасці? Па законах эканомікі ён наогул калі падае? Калі прапанова нечакана рэзка абрынаецца на попыт. То бок усе хочуць зямлю хутчэй прадаць. Не атрымліваецца. Для нясцерпнага жадання прадаць тэрмін малаваты. Масава ўчасткі ў Мінскам раёне сталі вылучаць толькі ўвосень мінулага году. Значыць, і правяраць асваенне земляў з усімі наступствамі (не прыступіў да будоўлі — праз год забяруць) пачнуць бліжэй да кастрычніка.
Але дастаткова зрушыць бульдозерам грунт — і ўжо не парушальнік. Да справы паляпшэння жыллёвых умоваў прыступіў. Тым больш што абмежаванняў па тэрмінах уводу жылля ў эксплуатацыю і зусім няма. Будуй хоць усё жыццё.

Падрыхтоўка перад продажам

Як чуткі пра хуткі дэфолт у Грэцыі днямі абваліў еўра, гэтак вестка аб падрыхтаваных да падпісання зменах у парадак кансервацыі будынкаў для продажу перакроіла рынак загарадных земляў. Адкуль звон?

Кажуць, што агенцтва па дзяржрэгістрацыі нерухомасці атрымала рэкамендацыю пад любымі падставамі зацягваць кансервацыю незавершаных будынкаў на тых участках, якія былі вылучаныя для грамадзянаў, што маюць у іх патрэбу, у мінулым годзе.

Што маецца на ўвазе. Хто хоць раз цікавіўся зямельным пытаннем, ведае, што наўпросты продаж зямлі ў нас забаронены (за выключэннем набытай у канкурэнтнай барацьбе на аўкцыёнах). А з закансерваваным падмуркам і плотам можна і збыць. Прычым бізнэс выгадны. Атрымаў зямлю бясплатна, даў аб’яву ў газеце, знайшоў чалавека, гатовага рызыкнуць некалькімі тысячамі даляраў на ўзвядзенне мінімальных будынкаў (ёсць выпадкі, калі рэгістраваліся фундаментавыя блокі, акуратна пакладзеныя па перыметры ўяўнага падмурку), і атрымаў 20, 30, а калі пашанцуе-то і 50 тысяч даляраў. Усё залежыць ад месца. Прычым «чыстымі», без працы і падаткаў. Дык вось,

Дзяржкаммаёмасць даўно выношвае ідэю гэты ценявы рынак адным махам прыкрыць. Прапановы такія: каб закансерваваць будынак, трэба будзе падняць яго пад дах, толькі тады атрымаеш тэхпашпарт і зможаш прадаць. Адначасова і тэрміны будаўніцтва хочуць абмежаваць чатырма гадамі.

Вось тыя, хто атрымаў зямлю не для ўласных патрэбаў, а выключна дзеля выгады, і спалохаліся. Скінулі цэны і хочуць паспець заскочыць ў цягнік, што адыходзіць. І, як аказваецца, такіх бізнэсмэнаў нямала. Лішак прапановы задушыў попыт.

Дзяліцца трэба!

А цяпер уявім, што абяцанне выканана. І з заўтрашняга дня збыць зямлю можна толькі з практычна гатовым домам: падмурак, паверх, дах, вокны, дзверы.

— А што тут уяўляць? — Пытаннем на пытанне адказвае Уладзімір Чарнушэвіч. — Усё гэта ў нас ужо было. Людзі прыдумлялі новыя схемы, будавалі па даверанасці, заключалі дамовы аб сумесным будаўніцтве. Адны юрысты законы пішуць, іншыя прыдумляюць, як іх абысці. Будзе попыт — з’явяцца абыходныя шляхі. І зямля, як любы запатрабаваны тавар, будзе прадавацца. Разумней было б увогуле не ўсталёўваць ніякіх забаронаў.

Узяў зямлю, не разлічыў свае сілы, пераацаніў магчымасці — прадавай. Але выплаці дзяржаве хаця б кадастравы кошт участка. І ўсё. За гэтыя грошы сельсаветы пабудуюць дарогі, бальніцы, школы, нават паркі.

І сапраўды,

калі кадастравы кошт участка (прыкладна 20 тысяч даляраў) памножыць на 26 тысяч (гэта ўсё, што перадалі грамадзянам з восені мінулага і перададуць па снежань гэтага году), то атрымаецца больш за 500 мільёнаў даляраў. Гэта вялізныя грошы.
І ніякіх пралазаў і шчылінаў. Ва ўсялякім выпадку, лепш, чым забароны, якія пры вялікім жаданні абмінуць, а не — дык народзіць шмат праблемаў з судамі, доўгабудоўлямі, загадамі і галаўным болем як для тых, хто зямлю даваў, так і для тых, хто браў яе ў запас.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?