Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў называе сыстэму «саюзнага» будаўніцтва нежыцьцяздольнай. «Калі ёсьць узаемнае імкненьне да інтэграцыі, да яднаньня нашых народаў, ёсьць палітычная воля прэзыдэнтаў, якія замацоўваюць подпісамі высокія дамовы, але сыстэма будаўніцтва «саюзнае дзяржавы» нежыцьцяздольная, то, можа, сьлед прымаць захады да самой сыстэмы», – заявіў беларускі дыплямат у інтэрвію, што апублікавана са сайце амбасады Беларусі ў Расеі.

Спадар амбасадар адзначыў важнасьць стварэньня роўных умоваў для грамадзянаў «на ўсёй тэрыторыі «саюзнае дзяржавы», што зараз будуецца, – ад Берасьця да Курылаў». Найвышэйшае дасягненьне тут – падпісаньне нашымі прэзыдэнтамі 24 студзеня канкрэтных пагадненьняў у сфэры аховы здароўя, свабоды перамяшчэньня грамадзянаў, іх сацыяльнага забесьпячэньня, падатковай сфэры», – падкрэсьліў В.Даўгалёў. Разам з тым ён зьвярнуў увагу на тое, што «аніводнае з гэтых пагадненьняў, падпісаных на найвышэйшым узроўні, не атрымала юрыдычнае моцы». «Ці ведаеце, чаго так? Абодва бакі яшчэ не правялі неабходных для ратыфікацыі ўнутрыдзяржаўных працэдураў. Такі самы лёс мае і шэраг даволі важных пагадненьняў, падпісаных яшчэ ў 2000–2002 г.», – заўважыў В.Даўгалёў.

Амбасадар таксама крытычна азваўся пра рашэньні расейскага боку ўвесьці мытны кантроль на мяжы і заявіў, што «ўсталяваньне мытнага рэжыму ў аднабаковым парадку прывяло да таго, што на ўезьдзе на расейскую тэрыторыю зь Беларусі чарга машынаў мела ад 7 да 8 кілямэтраў даўжыні». «Мне нават даводзілася адмыслова фатаграфаваць тыя чэргі і паказваць прэм’ер-міністрам і прэзыдэнтам Беларусі і Расеі», – распавёў ён.

Паводле словаў В.Даўгалёва, за дзесяць год працы ў сфэры саюзнага будаўніцтва яму неаднакроць даводзілася браць удзел у праверках на мяжы, што сачылі, як падакцызныя тавары з трэціх краінаў праходзяць мяжу. «Усе замеры паказваюць: узаемны ператок тавараў складае ў год ад 40 да 50 млн даляраў. Ці варта гарадзіць агарод на ўзроўні пагаршэньня двухбаковых стасункаў? Бо што такое 50 млн насупраць 18-мільярднага таваразвароту? Гэта – лічба з мноствам нулёў перад коскай», – заявіў беларускі дыплямат. Урэгуляваньнем мусяць займацца падатковыя і праваабарончыя органы, мяркуе В.Даўгалёў.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?