Спартсменкі з 29 краін возьмуць удзел у этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы BelSwissBank. Спаборніцтвы пройдуць 21—23 мая ў мінскім Палацы спорту, паведаміла галоўны трэнер беларускай зборнай Ірына Ляпарская на прэс‑канферэнцыі 18 мая.

Першапачаткова на этап заявіліся 34 краіны, але затым па розных прычынах некаторыя адмовіліся, у тым ліку Германія, Італія і Балгарыя. Апошняй пацвердзіла сваю заяўку Венесуэла, адзначыла Ляпарская.

Гімнасткі павядуць барацьбу ў індывідуальным і групавым практыкаванні (10 зборных). «Упершыню пасля Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў групавым практыкаванні выступіць Кітай», — сказала галоўны трэнер.

Вечарам 21 мая адбудзецца міжнародны турнір »Хрустальная ружа» сярод юніёрак 1995—1997 г.н. з 14 дзяржаў. Ад кожнай краіны выступіць па адной спартсменцы, ад гаспадароў — чатыры.

Этап завершыць традыцыйнае шоу зорак сусветнай гімнастыкі.

У ім выступяць пераможцы і прызёры этапаў Кубка свету. Паводле слоў Ляпарскай, сёлета ў шоу новы рэжысёр з новай камандай, і многае будзе ўпершыню.

Уваход на спаборніцтвы бясплатны, білеты на шоу каштуюць 5, 10 і 15 тыс. рублёў.

Ляпарская запрасіла гледачоў наведаць этап Кубка свету і адзначыла, што гэта яшчэ больш цікава, чым шоу зорак, бо прысутнічае спаборніцкі момант. »Хацелася б, каб зала была запоўнена, каб гэта было добраахвотна», — сказаў галоўны трэнер зборнай.

Этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы пройдзе ў Мінску трэці раз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?