22 мая ў Новым замку ў 16.30 адбудзецца музычна-гістарычная вечарына «Філаматы і філарэты».

У аснове праекта ляжаць арыгінальныя песні філаматаў і філарэтаў з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай Т.Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоўнікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву «Беларуская капэла» Святленай Немагай. Шмат песняў напісана на вершы Я.Чачота, аўтарамі тэкстаў з’яўляюцца таксама А.Міцкевіч, Т.Зан, А.Адынец. Тэксты спяваліся на мелодыі вядомых беларускіх («крывіцкіх») народных песняў, украінскай народнай песні, аўтарскія мелодыі М.Шыманоўскай, Т.Зана, К.Тызенгаўза.

Дзве песні (на словы А.Міцкевіча і А.Адынца) выконваюцца таксама на музыку аднаго з удзельнікаў праекта — Аляксея Жбанава.

Улічваючы, што песні філаматаў і філарэтаў складаліся не для сцэнічнага выканання, а для шырокага ўжытку ў сяброўскім коле, праект мае адкрыты характар. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца як студэнты і выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі, так і спевакі-аматары. Гэта дазваляе наблізіць стыль выканання да арыгінальнага, які напэўна адрозніваўся тэхнічнай прастатой і эмацыйнай шчырасцю.

Нягледзячы на тое, што тэксты песняў, уключаных у праграму, напісаныя на польскай мове, у праекце, зыходзячы з яго мэтаў і характару, выкарыстаныя пераклады на беларускую мову К.Цвіркі, В.Сёмухі, А.Жбанава.

Найлепшым вынікам праекта, з пункту гледжання яго ініцыятараў, сталася б «другое жыццё» песняў філаматаў і філарэтаў — перш за ўсё ў студэнцкіх асяродках нашай краіны. Дзеля гэтага да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе зацікаўленыя, хто мае элементарныя спеўныя здольнасці і жаданне зрабіць асабісты ўнёсак у пашырэнне філамацкіх ідэяў у Беларусі.

Трапіць на імпрэзу можна будзе набыўшы звычайны музейны квіток. Кошт для дарослых — 2300 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?