Ад траўня 2010 г. фотагалерэя ZНЯТА, добра вядомая беларускім фатографам, прыпыніла выставачную дзейнасць.

«Кінавідэапракат» атрымаў рэкамендацыю ад Мінгарвыканкама, паводле якой практыка правядзення культурных мерапрыемстваў з прыватнай ініцыятывай павінна быць спыненая. У першую чаргу «пад раздачу» трапіла фотагалерэя ZНЯТА.

«Кіраўніцтва «Кінавідэапраката» перастрахоўваецца. Яны баяцца выставаў. Ім незразумела, што гэта за выставы. А ў нас хутка выбары, вось і вырашылі забараніць усё.
Нягледзячы, а тое, што ZНЯТА ад самага пачатку заяўлялі аб незаангажаванасці ў палітыку. Нават на сваім форуме мы заўсёды стараліся пазбягаць абмеркавання палітычных тэм», — распавёў «НН» кіраўнік фотагалерэі Сяргей Міхаленка. Ён таксама дадаў, што няўпэўнены ў аднаўленні выставачнай дзейнасці і пасля выбараў.

Кіраўнік аддзела інфармацыі і рэкламы «Кінавідэапраката» Наталля Патапенка ў размове з «НН» спаслалася на рашэнне кінатэатра, якія выставы ладзіць, а якія не.

«Яны самі праводзяць выставы. І на травень нешта там запланавана», — адзначыла спадарыня Наталля. Дадаўшы, што нічога аб фотагалерэі ZНЯТА яна не ведае.

Першая выстава пад брэндам фотагалерэі адкрылася ў чэрвені 2007 года. За мінулыя тры гады было прадстаўлена больш за 40 праектаў рознага фармату. У тым ліку персанальныя і калектыўныя выставы, тэматычныя і эксперыментальныя. Усё гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы, аказанай кіраўніцтвам сталічнага кінатэатра «Цэнтральны» і Цэнтра Відэа у «Сталіцы».

З восені гэтага года ў планах галерэі былі міжнародныя праекты, абнаўленне выставачнага абсталявання і цэлы шэраг творчых сустрэч з беларускімі і замежнымі аўтарамі.

Галерэя ZНЯТА прадоўжыць выстаўляць працы фатографаў, бо першапачаткова была прадугледжаная магчымасць правядзення выстаў на любой пляцоўцы. Аднак, калі менавіта аматары фатаграфіі ўбачаць новы праект галерэі, на сённяшні дзень невядома.

Зараз ZНЯТА функцыянуе ў анлайн рэжыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?