19 траўня менскі Цэнтральны суд асудзіў завочна Вячаслава Сіўчыка – ён у той час знаходзіўся ў Кіеве – на 10 сутак арышту за ўдзел у сакавіцкіх акцыях супраціву на Кастрычніцкай плошчы.

Вячаслава Сіўчыка затрымалі ўвечары 12 верасьня ў кавярні Малой сцэны, калі ён сустракаўся з журналістам Паўлюком Быкоўскім.

Палітык накіраваў у Менскі гарадзкі суд абскарджаньне – тэрмін даўніны па адміністрацыйнай справе складае два месяцы. Такім чынам ён скончыўся 19 ліпеня. Суд задаволіў скаргу і накіраваў справу на перагляд.

Сваякі Вячаслава атрымалі адпаведны дакумэнт зь Менскага гарадзкога суду ўвечары 14 верасьня. Сёньня з раніцы яны перадалі пастанову на Акрэсьціна і дагэтуль дзяжураць ля спэцпрыёмніка.

Паводле слоў жонкі палітыка Ганны Сіўчыка, вядома, што В.Сіўчык на дадзены момант (14:30) знаходзіцца на Акрэсьціна, але ніхто ня кажа ім пра яго далейшы лёс. "Нам кажуць, што трэба чакаць нейкага начальніка, які цяпер на нарадзе».

Людзей увесь час блытаюць – ахова сьцьвярджае, што арыштаванага адвезьлі ў суд, у дзяжурнай часьці адказваюць, што той знаходзіцца ў СІЗА. Прысутныя каля спэцпрыёмніка бачылі, як Сіўчыка прывозілі аднекуль з гораду. Але высьветліць куды і навошта яго вазілі не ўдаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?