Студэнты мастацка-тэхналягічнага факультэту Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Аляксандар і Ўсевалад (хлопцы прасілі не называць іхныя прозьвішчы) мелі папераджальную гутарку з дэканам Валянцінай Галубковай.

Паводле першакурсьніка Аляксандра, які быў на мінулых мясцовых выбарах назіральнікам і сябрам ініцыятыўнай групы актывіста стваранай партыі БХД Уладзімера Рамановіча, гаворка вялася якраз пра выбары. Спадарыня Галубкова папярэдзіла студэнта, што ён, канешне, вольны чалавек, і можа сам прымаць рашэньні, за каго галасаваць. Але ў дэканаце таксама працуюць вольныя людзі, якія могуць паўплываць на жыцьцё студэнта — да прыкладу, не адпусьціць з заняткаў па заяве або не паспрыяць у вырашэньні нейкіх праблем, у тым ліку і з вучобай.

Пра тое, што студэнты падтрымалі «не таго» кандыдата, размаўлялі і з Усеваладам, сябрам Аляксандра. Хлопцу сказалі, што выйграў выбары «патрэбны» кандыдат, да таго ж «свой» — прарэктар ВТУ Аляксей Шут. І, маўляў, тое, што хлопцы «зьвязаліся з апазыцыянэрам» і «забыліся, што вучацца ў дзяржаўнай установе», а Ўсевалад яшчэ й бясплатна і са стыпэндыяй, ім забудуць яшчэ ня хутка.

Абодва першакурсьнікі не выключаюць, што праблемы ў іх могуць паўстаць ужо падчас бліжэйшай сэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?