Японцы выясьнілі, што зялёная гарбата падаўжае жыцьцё. Што праўда, за 11 год экспэрымэнту памёр толькі 1% абсьледаваных, так што праўдзівасьць дадзеных сумнеўная. Што, зрэшты, адносіцца і да другіх «шкодна-карысна-харчовых» дасьледаваньняў. Тым ня менш, падобнага кшталту экспэрымэнты ладзяцца ў кожнай краіне сьвету.

Зялёная гарбата падаўжае жыцьцё, скарачае сьмяротнасьць і гоіць сэрца. Да такіх глыбока навуковых высноваў прыйшлі японскія лекары на чале з Шынічы Керыяма з унівэрсытэцкай школы Тахоку ў Сэндаі, дасьледаваўшы больш як 40 000 мужчын і кабет.

Апублікаванае ў Journal of the American Medical Association 11-гадовае дасьледаваньне выясьніла, што асабліва гаючай зялёная гарбата, якая здаўна асацыюецца з высокай працягласьцю веку японцаў, становіцца ў здарэньні сардэчных захворваньняў. Усяго колькі кубачкаў штодня – і рызыка захварэць на якую-кольвек сардэчна-судзінную хваробу рэзка зьніжаецца.

На дзіва, напой аніяк не ратуе ад раку, як тое ўважалася пасьля шэрагу папярэдніх дасьледаваньняў на жывёлах.

Як мяркуюць аўтары, гаючы эфэкт зялёнае гарбаты зьвязаны з поліфэноламі – расьліннымі рэчывамі, якія дзеюць як антыаксіданты. Але як менавіта дзейнічаюць поліфэнолы – пакуль ніхто ня спраўджваў. Можа, яны запускаюць натуральныя антыакісьляльныя мэханізмы арганізму ці паніжаюць актыўнасьць вольных радыкалаў у целе, што нішчаць вузы. А паводле адной з вэрсіяў, яны нават перашкаджаюць запаленчым працэсам у крывяносных судзінах.

Дасьледаваньне ладзілася з 1994 г. на паўночным усходзе Японіі, у вобласьці, дзе зялёную гарбату спажываюць 80% насельнікаў і больш як 50% выпіваюць ад трох кубкаў штодня. Дасьледавалі людзей у веку ад 40 да 79 год, якія ня мелі інсультаў, раку і хваробаў сэрца.

Тыя, хто штодня каўтаў 5 (паўлітра) і болей кубкаў зялёнае гарбаты, паміралі значна радзей, чым тыя, хто гарбату падабаў не настолькі і выпіваў да аднаго кубку штодня. Паказьнікі сьмяротнасьці, асабліва на сардэчныя захворваньні, сярод аматараў зялёнае гарбаты выявіліся на 16% меней за 11 год. Прычым першыя 7 год гэтая лічба была яшчэ вышэй – 26%.

Кардыялягічны эфэкт яскравей выяўлены ў кабет. Відаць па ўсім, таму, што мужчыны часьцей паляць, мяркуюць аўтары.

Збольшага лік удзельнікаў дасьледаваньня, якія памёрлі на сардэчна-судзінныя захворваньні за справаздачны пэрыяд, увогуле быў скрайне нізкі: менш 1% у кожнай катэгорыі спажываньня гарбаты. Ніякай сувязі паміж іншымі гатункамі гарбаты – перадусім чорнай і ўлунг – і сьмяротнасьцю ня выявілі.

Рак і хваробы сардэчна-судзіннай сыстэмы – дзьве галоўныя прычыны сьмяротнасьці ва ўсім сьвеце, а гарбата ўсіх гатункаў – найбольш распаўсюджаны напой пасьля вады. Японскія дасьледнікі, аднак, ня ведаюць, што параіць сваім суайчыньнікам, якія збольшага і без усялякіх рэкамэндацыяў падабаюць зялёную гарбату і пастаянна яе п’юць.

Зрэшты, японцы не адныя вывучаюць карысьць розных харчовых прадуктаў і напояў. Падобныя паведамленьні зьяўляюцца амаль штодня. Напрыклад, апошнімі днямі мэдыкі пасьпелі параіць замяніць антыбіётыкі на журавінавы сок і есьці мандарыны, каб ахаваць пячонкі.

Цягам першага дасьледаваньня супрацоўнікі Політэхнічнага інстытуту Ўорчэстэра ў ЗША здолелі цалкам расшыфраваць біяхімічныя мэханізмы, што ляжаць у аснове шматлікіх жыватворных якасьцяў соку журавінаў. Яго здольнасьць перацінаць бактэрыяльныя інфэкцыі і, у прыватнасьці, інфэкцыі мочаспускальных шляхоў, вядомая здаўна.

Як выявілася, пад узьдзеяньнем танінаў, што ўтрымліваюцца ў журавінах, бактэрыя кішачнай палачкі E. coli зьмяняе ня толькі форму бізункоў, але і структуру мэмбраны і сваю форму, пераўтвараючыся з палачкі ў кулю. Апроч таго, таніны не даюць E. coli выпрацоўваць рэчыва індол, што ўдзельнічае ў абмене сыгналамі паміж бактэрыямі. У выніку жыцьцяздольнасьць бактэрыяў зьніжаецца, і ім цяжэй праточвацца ў тканкі.

Таму, як мяркуюць дасьледнікі, журавінавы сок хутка мае стаць незаменным, бо лік бактэрыяў, устойлівых да антыбіётыкаў, стала расьце.

А іхныя калегі зь Японіі тым часам высьветлілі, што мандарыны паніжаюць рызыку разьвіцьця рака пячонак, віруснага гепатыту, дыябэту і судзінных захворваньняў амаль на 9%. Гаючыя асаблівасьці гэтай садавіны тлумачаць высокім утрыманьнем каратыну – вітаміну А. Увадначас самі дасьледнікі падкрэсьліваюць, што дасьледавалі вельмі невялікую колькасьць чалавек, і работу таму сьлед працягваць.

Такім парадкам, практычна немагчыма выпрацаваць нейкія агульныя парады ў рацыёне.

Але бадай самым упадабаным аб’ектам такога кшталту дасьледаваньняў ёсьць кава.

Кубачак кавы можа зрабіць чалавека больш падатлівым, а ў некаторых выпадках нават прымусіць яго перайначыць уласнае меркаваньне – так мяркуюць навукоўцы з Кўінзлэндзкага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, якія ладзілі дасьледаваньні на 40 добраахвотніках. Чатыры кубкі кавы штодня паніжаюць рызыку цырозу нырак на 80%, а дыябэту – на 22%, мяркуюць амэрыканскія дасьледнікі. Уважаюць, што кава можа справакаваць інфаркт міякарду, аднак ягоная сувязь з падвышэньнем артэрыяльнага ціску – даволі спрэчнае сьцьверджаньне.

Рэч у тым, што кафэін, які ўтрымліваецца ў лістках гарбаты, бабах какавы, насеньні кавы і гарэхах, з мэдычнага гледзішча – клясычны стымулятар. Кава спрыяе таму, што ўзбуджальныя сыгналы звонку дзеюць на арганізм мацней – паскараецца сэрцабіцьце, інтэнсіўна вылучаецца страўнікавы сок, можа распачацца потавыдзяленьне.

Надужываньне любым стымулятарам шкодзіць на здароўе, таму колькасьць патэнцыйных дасьледаваньняў, зьвязаных з кавай, мажліва, бясконцая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?