У лекцыі «Посткамунізм у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», прачытанай у кансэрватыўнай Heritage Foundation, прэм’ер падрабязна апісаў зьмены, што адбыліся ў Польшчы з 1989 г. «Посткамунізм зьявіўся ў выніку спыненьня, – казаў Качыньскі. – Не была створаная новая дзяржава, адзінае, што было зроблена, – уведзены стары дэмакратычны мэханізм.

На думку Качыньскага, пасьля 1989 г. «не была пачатая ніякая праца па выключэньні такіх паталёгіяў, як сувязі спэцслужбаў, мафіі і бізнэсу альбо несумленнай прыватызацыі.» Камуністычная намэнклятура ў новай дзяржаве ўсё яшчэ заставалася сацыяльна дамінуючай групай, прынамсі ў эканоміцы.

Качыньскі падкрэсьліў, што польскім козырам, адрозна ад іншых краінаў камуністычнага лягеру, было існаваньне «контраэліты» – арганізаванай апазыцыі. На думку прэм’ера, няшчасьцем было тое, што вялікая частка гэтай контарэліты ўхваліла ў 1989 г. «дзяленьне ўладай з камуністамі і дала ім гарантыю бясьпекі». Гэта было вынікам таго, што «вялікая яе частка была біяграфічным і часткова ідэалягічным чынам зьвязаная з камунізмам на нейкім этапе свайго жыцьця».

Лібэральная частка даўняй апазыцыі таксама, на яго думку, баялася росту значэньня традыцыяналісцкіх сілаў, блізкіх да Касьцёлу. «Гэтая частка апазыцыі пазычыла сваю легітымацыю старой камуністычнай эліце», – казаў амэрыканцам прэм’ер.

Паводле Качыньскага, вялізную ролю ў будаваньні посткамунізму ў Польшчы адыгралі недастаткова рэфармаваныя спэцслужбы. Яны разьбілі на пачатку 90-х тую частку лягеру Салідарнасьці, які супраціўляўся посткамунізму. На думку Качыньскага, новая сыстэма 90-х была слабой дэмакратыяй і стварыла слабы рынак.

З 1993 г. у Польшчы пачаўся этап «трыюмфуючага посткамунізму», найвялікшым дасягненьнем якога быў два гады пазьней прыход прадстаўніка посткамуністаў на пасаду прэзыдэнта. Падчас кіраваньня Ежы Бузка, як сказаў Качыньскі, дзейнасьць спэцслужбаў выключыла найбольш здольных правых палітыкаў з удзелу ва ўладзе. На шчасьце, «на год ва ўладную эліту ўвайшоў адзін зь іх», – брат Яраслава Лех.

Як казаў Качыньскі, «надышло новае аспрэчваньне сыстэмы». Дробныя прадпрымальнікі з правінцыі стварылі сваё прадстаўніцтва ў выглядзе «Самаабароны», што адбірала ў посткамуністаў электарат, буйны бізнэс стварыў «Грамадзянскую плятформу» (PO), традыцыяналісцкія асяродкі – «Лігу польскіх сем’яў» (LPR), а сілы, што прагнулі вяртаньня законнасьці, – «Права і Справядлівасьць» (PiS).

У апошнія гады посткамунізм атрымаў паразу, бо быў занадта ў сабе ўпэўнены. Палякі ня ўхвальвалі таго, што прэм’ер Мілер меў стасункі зь мільярдэрамі, якія здабылі сваю маёмасьць дзякуючы ўплывам сярод палітыкаў.

«Іскрай, што распаліла пажар, які паглынуў посткамунізм», было тое, што посткамуністы вырашылі атакаваць тагачасную «апірышча сыстэмы пазычанай легітымацыі» – «Газэту Выборчу». Іх памылкай таксама было тое, што яны атакавалі іншыя важныя мэдыі. Паводле вэрсіі гісторыі, якую прэзэнтаваў амэрыканцам Качыньскі, год таму гэта ўсё прывяло да перамогі антыпосткамуністычных сілаў.

Пасьля выбараў «мы пачалі дзейнічаць у напрамку пабудовы новай дзяржавы. На жаль, вострае сутыкненьне падзяліла лягер праціўнікаў посткамунізму. Аднак гісторыя зрушылася зь месца».

Heritage Foundation – адзін з найбольш уплывовых аналітычных асяродкаў у Вашынгтоне. І адначасна найбольш кансэрватыўны. Там працуе некалькі дзясяткаў экспэртаў. Шмат якія зь іх былі зьвязаныя з апаратамі прэзыдэнта Рональда Рэйгана, і да сёньня Heritage у сваіх аналізах падтрымлівае найбольш кансэрватыўныя плыні і ідэі ў амэрыканскай палітыцы. Мэта фундацыі – падтрымка вольнага рынку, індывідуальнай свабоды, традыцыйных амэрыканскіх каштоўнасьцяў і моцнага войска.

З Вашынгтону прэм’ер паляцеў на сустрэчу з польскай дыяспарай у Чыкага. Ён мае прэзэнтаваць там праект «карты паляка», пэўнага кшталту пасьведчаньня пра польскае паходжаньне. Карта мусіць таксама даваць пэўныя прывілеі, напрыклад, вызваленьне ад візавых пошлінаў пры ўезьдзе ў Польшчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?