«Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі перарастае эканамічны фармат і становіцца новай геапалітычнай рэальнасцю», — заявіў 21 мая прэм’ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні вышэйшага органа Мытнага саюза ў Санкт‑Пецярбургу, перадае РІА Новости.

«Мы задаволены высокімі тэмпамі сумеснай работы па фарміраванні Мытнага саюза», — сказаў Пуцін. Ён адзначыў, што адзіная эканамічная прастора, якая фарміруецца, з’яўляецца на сёння ключавым кірункам інтэграцыйных працэсаў у СНД і ЕўрАзЭС.

Гаворачы пра фарміраванне прававой базы адзінай эканамічнай прасторы, Пуцін адзначыў, што для гэтага спатрэбяцца кампрамісы з боку кожнага з удзельнікаў. Ён нагадаў, што для ўвядзення ў дзеянне Мытнага кодэкса з 1 ліпеня гэтага года неабходна падрыхтаваць 18 праектаў дагавораў. Паводле яго слоў, з іх восем ужо ўхваленыя камісіяй Мытнага саюза, а яшчэ тры — «на падыходзе».

«Астатнія абмяркоўваюцца. І ўчора, я ведаю, калегі працавалі да дзвюх гадзін ночы.

Прапаную даць даручэнне нашым спецыялістам працаваць з большай аддачай і ў паскораным рэжыме завяршыць узгадненне ўсіх дакументаў», — сказаў Пуцін.

Асаблівую ўвагу кіраўнік расійскага ўрада папрасіў надаць прапрацоўцы міжурадавых пагадненняў аб прымяненні санітарных, ветэрынарна‑санітарных і фітасанітарных мер у Мытным саюзе, а таксама аб тэхнічным рэгуляванні і аб функцыянаванні інтэграванай інфармацыйнай сістэмы знешняга і ўзаемнага гандлю.

Пуцін таксама паведаміў, што 21 мая павінен быць ухвалены шэраг ключавых пагадненняў, якія тычацца правілаў вызначэння краіны паходжання тавараў, прынцыпаў збірання ўскосных падаткаў і іншых пытанняў мытнага рэгулявання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?