Думка пра тое, што «няма розніцы» паміж Януковічам і Цімашэнка, якая, маўляў, нават горш («небяспечней») за экс-зэка, супраць якога стаялі мільёны людзей на плошчах праз скрадзеныя і сфальсіфікаваныя (і суд іх такімі прызнаў) выбары 2004 году, і таму адзіны правільны, ідэалагічна і маральна ўзважаны, «аб’ектыўна-прынцыповы» голас павінен быць «супраць усіх», — неяк засвоілася, і не ў адным толькі мізэрным пяціпрацэнтным электараце Юшчанкі, але і сярод іншых, «думаючых» дэмакратаў і нават сярод інтэлектуалаў, якія, з’яўляючыся інтэлектуаламі, не маглі не ведаць, што такім чынам галасуюць самі і сваім маральным і інтэлектуальным аўтарытэтам (гэта, бадай, трохі перабольшанне, але інэрцыя адносна такога «аўтарытэту» яшчэ існуе) de facto заклікаюць іншых галасаваць за Януковіча. Так яно і адбылося: Януковіч выйграў меншым працэнтам, чым колькасць «супрацьусіхаў», а «супрацьусіхі» таксама «выйгралі», то бок дамагліся паразы Цімашэнка.

Фармальны аўтар ці натхняльнік стратэгіі «супраць усіх» — Віктар Юшчанка, які ўвойдзе або ўжо ўвайшоў у гісторыю як ці не самае вялікае найноўшае ўкраінскае расчараванне. Вялізны крэдыт даверу, з якім ён прыйшоў да ўлады, Юшчанка растраціў за неверагодна кароткі час праз велізарную некампетэнтнасць і непрацаздольнасць, карупцыю і фатальную кадравую палітыку — а перш за ўсё праз ірацыянальным і нарэшце маніякальную вайну з былой паплечніцай Юліяй Цімашэнка.

Што да яго антаганіста, то, вядома, няма ні неабходнасці, ні карысці абяляць Юлію Цімашэнка. Супраць захаплення, якой яе атачаў яе электарат, можна выказаць шэраг сур’ёзных агаворак: гатоўнасць выкарыстоўваць палітычную кан’юнктуру, адсутнасць за час працяглага знаходжання на пасадзе прэм’ер-міністра хоць якой культурнай і навуковай палітыкі і да таго ж прыніжальны хаўрус з істэблішмэнтавымі дыназаўрамі.

Самай сур’ёзнай і самай сістэмнай заганай, аднак, была гатоўнасць разглядаць сваю партыю і сваю фракцыю як клан, дзе (як, мабыць, і ва ўсіх ўкраінскіх партыях) месцы ў дэпутацкім спісе — не ўсе, зразумела, але перадугледжаныя «квотай» — прадаваліся за адпаведныя «ўнёскі». Нядзіўна, што такія «дэпутаты-інвестары-бізнэсмэны» пры першай-лепшай магчымасці/патрэбе перабягаюць у іншую фракцыю або каманду. Яны ж для таго прыйшлі ў парламент (уклалі свае грошы), каб быць пры карыце — калі трэба, то і за кошт «здрады», — а не дзесьці на ўзбочыне. І што ўвогуле можа быць «здрадай» для такіх людзей? Хіба што здрада ўласным інтарэсам.

Аднак гэта — modus operandi ўсяго ўкраінскага палітыкума, і Юлія Цімашэнка і БЮТ не з’яўляюцца тут выняткам. Маем тое, што маем, але не аб рэформе ўсёй той сістэмы гаварылася падчас запуску стратэгіі «супраць усіх» паміж першым і другім турамі выбараў. Тады яна была скіраваная «супраць Юлі». Пашырэнне яго нібыта «на ўсіх» — гэта позні элабарат, да якога мы яшчэ вернемся.

Пра Януковіча, мабыць, разважаць не трэба, у любым выпадку, не тут: усе, хто ўмее думаць, ведалі — ці павінны былі ведаць, — што ён такое, што ён дэкларуе і што хаваецца за яго не менш папулісцкім лозунгамі. Галоўнае, што яго электарат быў першапачаткова нашмат больш сфармаваны, акрэслены. Барацьба была найперш за антыянуковічаўскі, умоўна кажучы «дэмакратычны», электарат.

І пра «няма розніцы». У жары выбарчай кампаніі, калі ідзе павальнае прамыванне мазгоў і замбіяванне электарату, гэта, можа, і спрацоўвае — але на каго і як надоўга? Ну вядома на каго — на люмпенаў, наіўных і даверлівых, менавіта для таго і створаных, каб іх падманваць. Нас, інтэлектуалаў і «інтэлігенцыі», разумных і сумленных, гэта не датычыць. Мы дакладна ведаем, дзе ёсць розніца і дзе яе няма. Хаця, як цяпер памятаю, усе мае размовы аб тым, ёсць розніца ці яе няма, былі не з народам (у мяне няшмат магчымасцяў з ім размаўляць — не заходзіць у рэдакцыю), а з «інтэлігентамі» і інтэлектуаламі — толькі яны ўпэўнівалі, што розніцы дакладна няма. А як надоўга? Ну, скажам, на 77 дзён пасля выбараў.

Цяпер ужо прайшло 77 дзён пасля выбараў і 50 ад інаўгурацыі прэзідэнта Януковіча. Ці ёсць, напрыклад, розніца паміж яе кабінетам і яго? Паміж міністрамі Вакарчуком і Табачнікам? (Што Вакарчук — стаўленнік Юшчанкі, тут не важна: ён жа быў і функцыянаваў ў кабінеце Цімашэнка, і ён таксама не ідэальны — але ёсць розніца ці няма?) Паміж Цімашэнчыным і Януковічавым бачаннем Украіны і яе месца ў свеце, пацверджаным не толькі словамі, але і дзеяннямі? А можа, сапраўды няма розніцы і не было, і прэзідэнт Цімашэнка падпісала пакты з прэзідэнтам Мядзведзевым, а тэлебачанне нам паказвае, як лідэр апазіцыі Януковіч пратэстуе са сваімі рэгіяналамі перад сценамі Вярхоўнай Рады?

Кожны грамадзянін, у прынцыпе, мае права не галасаваць і публічна аб гэтым заяўляць. Калі ж вядзецца пра вядомую асобу, то такая заява робіцца грамадскім фактам і грамадскім фактарам — карысным або зусім не карысным. У гэтым кантэксце такі асабісты выбар (а часам толькі водгук) мае прынамсі два наступствы: ён «аб’ектыўна» прыраўноўвае негаласаванне да галасавання «супраць усіх» (тут, праўда, ёсць юрыдычнае і этычнае адрозненне паміж дзеяннем наўпростым і ўскосным, commission і omission, але ў прагматычным сэнсе яно неістотнае), а таксама — калі мы ў прынцыпе дапускаем існаванне ў грамадзянскім вымярэнні такой рэчы, як маральнасць — такі чалавек нясе маральную адказнасць за свой выбар і за яго цалкам прадказальныя наступствы:

выбіраеш Януковіча, то бок дапамагаеш яго выбраць — значыць, маеш такія ж каштоўнасці і, галоўнае, падтрымліваеш дзеянні Януковіча. Калі гэтага не асэнсаваць, любыя заявы пра прынцыповасць, маральнасць і г.д. ператвараюцца ў пустую балбатню, і нават больш — у несумленнасць.

Але адна справа не галасаваць, а другая — энергічна агітаваць за галасаванне «супраць усіх». З ліку вядомых «публічных інтэлектуалаў» больш за ўсіх, мабыць, такой агітацыяй займалася Аксана Забужка. Вось, напрыклад, адно з яе выказванняў:

«Не падтрымліваю ніводнага кандыдата. Па-першае, гэта адзіны спосаб «не гуляць з ашуканцамі ў азартныя гульні» — і не рабіцца перад Богам і гісторыяй суўдзельнікам усіх мінулых і будучых злачынстваў новаабранага. Па-другое, з чыста прагматычнага пункту гледжання гэтая «трэцяя графа» дае грамадзянам апошні прававы рычаг уплыву на крымінальную ўладу. Адмаўляючы ёй у легітымнай падтрымцы, мы адначасова забіваем двух зайцоў — новаабранаму (ай) дэманструем латэнтны, «схаваны» Майдан, якога ён/яна ніколі не зможа «купіць», а астатняму свету — акупацыйны характар гэтай улады: бо толькі ў выпадку шматмільённага «супраць усіх» можна будзе не саромецца новаабранага (ай) . Інакш кажучы, «адвод» абодвум кандыдатам — самы дзейсны спосаб заявіць на ўвесь голас, што Украіна — гэта не «яны»: не «зона», не «бардэль», не «група захопу» газатранспартнай сістэмы. Украіна — гэта мы, і мы кажам «ім» сваё катэгарычнае «не». Пакуль — мірнае…

Гэта з інтэрв’ю pro і contra «супраць усіх» у другім туры, сабранага пад загалоўкам «Думаючыя» Забужка і Свярсцюк — за Януковіча!». «Супраць усіх» тут таксама выказваецца Яўген Свярсцюк, а Аляксандр Ірванец абвяшчае сябе «свабодным ад маральных абавязкаў» у дачыненні да Юшчанкі, які не прайшоў у другі тур, і адмаўляецца галасаваць.

Падрабязная анатомія матывацый «супрацьусіхства» яшчэ наперадзе. Але штосьці ўжо акрэсліваецца.

Па-першае (не па значнасці, а па адназначнасці), гэта палітычная кан’юнктура — у дадзеным выпадку гэта Юшчанка, яго атачэнне і яго прыхільнікі, якія следам за яго манаманіяй нібыта яму і паверылі, што Юлія Цімашэнка — большая пагроза і горшы кандыдат на пасаду прэзідэнта, чым Віктар Януковіч.

Па-другое гэта —

інтэлектуальны максімалізм (ён жа — самазакаханасць, ганарыстасць і, як ўжо хтосьці дзесьці заўважыў, дысідэнцкі рамантызм), гэта — бескампраміснасць што да ідэі «меншага зла», маўляў, зло ёсць зло і ніякай справы з ім мець не трэба.
(У інтэрнэце гэта ўвогуле набыло агідную гіпертрафаваную форму, дзе ўсе выстаўляюцца адзін перад адным тым, што, маўляў, яны не бяруцца адрозніваць розныя гатункі лайна. Вось гэтая няспынная дэманізацыя нават людзей з уласнага лагера нічога добрага не кажа пра палітычную сталасць. Бо ў любых выбарах ёсць кампраміс, ідэальных кандыдатаў увогуле няма, а такая ўстаноўка зводзіць на нішто саму ідэю дэмакратыі і ўдзелу ў выбарах. А сам дыскурс дэманізацыі, з яго грубасцю і тэндэнцыямі да дэгуманізацыі праціўніка нагадваюць толькі нядаўняе таталітарнае мінулае. З іншага боку, здзіўляе недахоп прапорцыі, балансу. Бо пра якія адценні «зла» ішла гаворка? Гэта не быў выбар паміж Сталіным і Гітлерам або паміж Гімлерам і Кагановічам.
Нягледзячы на ўсе сістэмныя недахопы Юліі Цімашэнка, размова ішла ўсё ж пра выбар паміж ёй і Януковічам, паміж «аранжавым» і «бела-блакітным» кандыдатамі. Вельмі крыўдна, што менавіта інтэлектуалы — праз сваё расчараванне, вядома, але і праз сваю ўзлаванасць («нас падманулі») — гэта не ўбачылі, не хацелі бачыць. «Народ» гэта збольшага добра бачыў (бо яна недабрала толькі нейкіх 3,5% электарату), і час (усяго толькі 77 дзён) гэта пацвердзіў.

І трэцяе. На жаль, заўважныя рэцыдывы крыпта-бальшавіцкага мыслення, калі, маўляў, «чым горш, тым лепш». Не выключана, што яно натхняе (або інфікуе) і дзве вышэйназваныя матывацыі. Сіндром après nous le déluge [пасля нас хоць патоп (фр.) — Рэд.]. І пэўны катастрафізм — калі не будзе па-нашаму, то хай усё спрахне, — мае як інтэлектуальныя, так і стыхійныя, «народныя» карані анархізму і атаманаўшчыны.

Нарэшце, здзіўляе адсутнасць элементарнай, чыста палітычнай пісьменнасці, таго, што кожны раённы арганізатар павінен ведаць:

у дэмакратычнай сістэме партыя ці любы палітычны рух маюць перспектывы і магчымасць уплыву на тое, што адбываецца толькі калі яны маюць выхад на народ, на электарат, калі могуць з ім гаварыць.

Уражвае таксама блізарукасць, нават слепата тых, хто заклікае да «супрацьусіхства», калі менавіта яны добра бачаць праўдападобнасць таго, што так хутка адбудзецца («Харкаўскі пакт» і перспектывы далейшай — і наўрад ці зваротнай — здачы суверэннасці Украіны). Можа, менавіта таму паскораным, кампенсацыйным чынам, з’явіўся гэты «Зварот інтэлігенцыі Украіны», дзе сярод розных (гаворка ідзе пра толькі што падпісанае «антынацыянальнае пагадненне» — двукоссе не таму, што яно не такое, а таму, што цытата) заклікаў да адзінства (!) ёсць яшчэ і такі кранальны пасаж:

«Мы таксама апелюем да палітыкаў, якія апынуліся ў апазіцыі. Менавіта вашая бяздзейнасць і палітычная блізарукасць, вашая падмена дзяржаўнай палітыкі асабістымі амбіцыямі, вашыя цяжкія памылкі адкрылі шлях гэтай здрадзе нацыянальных інтарэсаў вашымі пераемнікамі. Не давайце спекуляваць вашымі няўдачамі. Выкарыстайце ўсе даступныя вам сродкі парламенцкай барацьбы, каб не даць здзейсніцца гэтаму ганебнаму пагадненню. Яна не мусіць быць ратыфікаваная Вярхоўнай Радай, таму што наступствы такой ратыфікацыі будзе надзвычай цяжка змяніць нават наступным прэзідэнтам і парламентам. А для нашага грамадства яны будуць непрадказальнымі. У тым ліку і для кожнага з вас».

То бок яны далей гнуць сваё «супрацьусіхства»: Януковіч здрадзіў — але і вы, апазіцыя, г.зн. перш за ўсё Цімашэнка, вінаватыя не менш, а можа, і больш. І менавіта апазіцыянерам аўтары звароту адрасавалі адзіную ў ім пагрозу: маўляў, наступствы ратыфікацыі пагаднення «будуць непрадказальнымі. У тым ліку — і для кожнага з вас». І першыя падпісанты — Аксана Забужка і Тарас Вазняк — тыя, хто энергічна апрацоўваў электарат, каб дзейная ўлада стала апазіцыяй, а апазіцыя («пераемнікі» — вось прыгожы эўфемізм) прыйшла да ўлады і — гэта можна ж было прадбачыць — пачала сваю «антынацыянальную» дзейнасць.

P. S. Пакуль друкаваўся артыкул, 29 красавіка з’явілася заява Юрыя Андруховіча «Апазіцыйная праца без хаўрусу з Цімашэнка — гэта няправільна і згубна», дзе ён удакладняе сваё бачанне апошніх выбараў, а галоўнае, заклікае да згуртаванасці апазіцыі. Шчыра вітаю такую пазіцыю.

* * *

Грыгорый Грабовіч — галоўны рэдактар украінскага часопіса «Крытыка». Дырэктар Інстытуту ўкраінскіх даследаванняў Гарвардскага ўніверсітэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?