Учора ўдзень у Салігорску супрацоўнікі крымінльнага вышуку проста з заняткаў забралі 15-гадовага моладзевага актывіта Івана Шылу, які здыбыў сабе славу пасьля чэрвеньскай галадоўкі пратэсту моладзі. У пастарунку Івану сказалі, што ўзбуджаная крымінальная справа па факце крадзяжу грошай ў нейкай жанчыны 8 верасьня, а ён зьяўляецца галоўным падазроным у гэтай справе.

Іван кажа, што міліцыянты блыталіся ў пастаноўцы пытаньняў: «То ў іх крадзеж адбываўся ў адным клюбе, то ў іншым. Я не хваляваўся, бо дакладна ведаў, дзе , што і з кім у той час я рабіў. 8 верасьня мы адзначалі Дзень беларускай вайсковай славы. Таксама мяне пыталіся, ці ня ведаю я таго ці іншага дэмакратычнага актывіста Слігорску, што да справы, натуральна, ніяк не датычыць».

Таксама учора ў Салігорску былі затрыманыя лідэр мясовай суполкі КХП-БНФ Алег Борын і моладзевы актывіст Аляксей Валабуеў. Борына выклікалі ў пастарунак, дзе і склалі пратакол за дробнае хуліганства, а Валабуева падчакалі ля пад’езду ягонага дому і затрымалі, калі Аляксей вяртаўся з працы. Зараз абодва знаходзяцца ў міліцэйскім пастарунку. Як кажа Іван Шыла, суды над імі найхутчэй адбудзяцца ў панядзелак.

Міліцыянты ўчора яшчэ дзяжурылі ля дому Глеба Сандраса, але гэты моладзевы актывіст ня быў у той час у Салігорску, таму праваахоўнікам не атрымалася яго затрымаць.

У суботу зраніцы ДАІ пры выезьдзе з Салігорску затрымала машыну прадпрымальніка Ўладзімера Шылы, які разам з сынам ехаў у Менск на «Вялікі джынсавы фэст». Падобная сытуацыя з Шылам-старэйшым адбылася на 26 красавіка, калі яны ехалі на «Чарнобыльскі шлях». Цяпер бацька з сынам знаходзяцца ў пастарунку. Міліцыянты не праводзяць зь імі ніякіх размоваў. Іван Шыла кажа, што яны проста марнуюць час.

Відавочна, што актывізацыя салігорскай міліцыі зьвязаная зь «Вялікім джынсавым фэстам». Відаць, была каманда не дапусьціць рэгіянальных актывістаў у Менск на акцыю.

На фота Іван Шыла. Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?