Аўтар «Васілія Цёркіна», расійскі пісьменнік Аляксандр Твардоўскі ніякага дачынення да спектакля «Магічнае люстэрка пана Твардоўскага» не мае. 25 мая на сцэне Купалаўскага Гарадзенскі тэатр лялек пакажа спектакль паводле п’есы Сяргея Кавалёва, дзе гутарка пойдзе пра адзін з самых містычны вобразаў беларускай гісторыі (ці хутчэй культуры), пра чарнакніжніка, майстра спірытычных сеансаў, пана Твардоўскага. Хаця галоўны герой усё ж не ён, а Барбара Радзівіл, фігура ў нашай гісторыі не менш загадкавая.

Барбара Радзівіл вядомая ў беларусаў, як Чорная Панна, што пасля сваёй смерці вандруе начамі па нясвіжскім замку. Да кшталтавання вобразу Барбары прыклаўся не толькі народны фальклор: не адно пакаленне беларускіх, літоўскіх і польскіх пісьменнікаў браліся за вобраз каралевы — згадаем хаця бы Міхала Віткоўскага з яго скандальным раманам «Барбара Радзівіл з Явожна-Шчаковэй», скульптараў ( мадэрновы помнік каралеве ў старой Вільні, а таксама кінематаграфістаў — стужка «Салодкі яд кахання», знятага ў Мірскім замку з Віктарам Шалкевічам у ролі Жыгімонта II Аўгуста. У дадатак прынята лічыць, што шанаваны ў хрысціян абраз Маці Божай Вострабрамскай па загадзе Жыгімонта набыў рысы менавіта памерлай каралевы.

Класічная версія легенды кажа, што пасля смерці каралевы Барбары, «любай Басі», каб суцешыць мужа, караля Жыгімонта II Аўгуста, да труны быў запрошаны знакаміты чарнакніжнік пан Твардоўскі. Пры дапамозе свайго чароўнага люстра чараўнік выклікаў прывід памерлай. Але Жыгімонт, згараючы ад любові да памерлай і забыўшыся на забарону, дакрануўся рукой да прывіду, і той знік, пакідаючы засмучанага караля навек.

Але ў спектаклі Алега Жугжды «Магічнае люстэрка пана Твардоўскага» паводле п’есы Сяргея Кавалёва — незвычайная трактоўка легенды. У спектаклі Пан Твардоўскі — хутчэй «частка сілы той ліхой, жыццё ўтвараецца з якой»: яшчэ пры жыцці пан Твардоўскі свядома паказвае Барбары магічнае люстэрка, дзе адбіваецца яе далейшы лёс, даючы гэткім чынам Барбары выбраць: шчаслівая старасць або смерцяноснае каханне. У дадатак дзеянне п’есы адбываецца не ў ля божай пасцелі Барбары ў Кракаве, а ў прыдарожнай ліцвінскай карчме. І не толькі ў ХVI cт., але і ў зусім іншыя часы: аздобяць спектакль радкі з паэмы паэткі Марыі Мартысевіч «Інтэрнэт-дзённік Барбары Радзівіл». У гэтай паэме Барбара дзеліцца з чытачом сваім інтымнымі памкненнямі, ды выказваецца сучаснай мовай на сучасныя тэмы.

Паводле інфармацыі, якая трапіла ў рэдакцыю, на шыкоўны спектакль, дзе лялькі зачароўваюць багаццем рэнесансных строяў, і дзе напоўніцу выкарыстана спалучэнне відэа і камп’ютарнай графікі, квіткі не раскупляліся: людзі думаюць, што спектакль будзе на ваенную тэматыку паводле класіка савецкай літаратуры. Таму паўторым, «Магічнае люстэрка пана Твардоўскага» — гэта гісторыя пра вечнае каханне Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста, чорную зайздрасць і магічнае люстра чарнакніжніка пана Твардоўскага. Не прапусціце! Пачатак а 20.

«Магічнае люстэрка пана Твардоўскага» — спектакль, які бярэ ўдзел у Міжнародным фэстывалі тэатраў лялек, які адкрыўся 24 мая ў Мінску. Лялечны фэст працягнецца да 30 мая, а ў ім возьмуць удзел калектывы з Бельгіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Эстоніі. Акрамя таго, на фестывалі мінскі глядач мае магчымасць пазнаёміцца з апошнімі працамі ўсіх лялечных тэатраў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?