«Гэта грошы беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць у Расію, але зацікаўленыя ў змяненні палітычнага ладу ў краіне». Так на стартавай прэс‑канферэнцыі Уладзімір Някляеў патлумачыў паходжанне сродкаў на правядзенне кампаніі «Гавары праўду». Хто ж з беларусаў у Расіі займае ўплывовыя ці высокія пасады? Прыводзім тут спіс вядомых і малавядомых асобаў. Адразу засцерагаем, што не ўсе з іх маюць палітычныя ці грамадскія амбіцыі, не ўсе нават трымаюць сувязь з Беларуссю.

Валерый Казакоў кіруе федэральнай аўтаноміяй «Беларусы Расіі».

Валерый Казакоў кіруе федэральнай аўтаноміяй «Беларусы Расіі».

1. Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміяй «Беларусы Расіі» кіруе Валерый Казакоў.
Ён чыноўнік, які працуе ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, памочнік паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта Расіі ў Сібірскай федэральнай акрузе. Казакоў доўгія гады кіруе прадстаўніцтвам Сібірскай федэральнай акругі ў Маскве. Народжаны ў Беларусі, ён зрабіў кар’еру ў Савецкай Арміі. Кандыдат сацыялагічных навук, палкоўнік у адстаўцы, у постсавецкі час працаваў у Радзе бяспекі Расіі і Адміністрацыі прэзідэнта. Ён адзін з нямногіх беларусаў Расіі, які бярэ ўдзел у дзейнасці Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На IV з’ездзе Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі», які прайшоў 23 красавіка, стала вядома, што беларусы Расіі ініцыююць стварэнне Беларускага незалежнага інстытута ў Маскве. Што гэта будзе за інстытут, пакуль няясна.
2. Пасля выхаду з турмы на два дамы — пад Мінскам і ў Маскве — жыве былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў.
Ён развівае сельскагаспадарчы бізнес у расійскім Чарназем’і. Менавіта ён арганізаваў выбарчую кампанію Ганчарыка ў 2001 годзе. Пэўную палітычную актыўнасць праяўляў да года 2004‑га. Цяпер жа пакуль трымаецца ў цені, але застаецца старшынём апякунскае рады беларуска‑расійскага фонда «За новую Беларусь».
3. Былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў ведае ўсё пра гучныя справы.
Ягонае імя фігуравала ў дакладзе Пургурыдэса аб зніклых палітыках і бізнесоўцах. Паводле некаторых звестак, ад пачатку гэтага года Навумаў працуе на пасадзе дарадцы Сяргея Чэмезава, генеральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналогіі». Гэтая структура знаходзіцца пад асабістым кантролем Уладзіміра Пуціна. Як ураджэнец Смаленшчыны Навумаў не мае права балатавацца ў прэзідэнты Беларусі. Аднак ён добра ведае і Лукашэнку, і ўсіх высокіх чыноўнікаў.
4. Уладзімір Муляк з 1996 да 2001 года працаваў на адказнай пасадзе ў «Беларуснафце».
Пасля свайго вымушанага ад’езду з Беларусі ён адразу знайшоў працу ў ААТ «НК Комі ТЭК». Цяпер жа Муляк — сябар праўлення і віцэ‑прэзідэнт магутнай нафтавай кампаніі «Лукойл». Ён начальнік галоўнага ўпраўлення па забяспечанні здабычы нафты і газу. «Лукойл» мае свае інтарэсы ў Беларусі. У пуцінскай Расіі прыватны «Лукойл» заняў пачэснае месца сярод дзяржаўных карпарацый.
Былы генеральны дырэктар «Беларуснафты» Валерый Кокараў у 1990‑х працаваў віцэ‑прэм’ерам па паліўна‑энергетычным комплексе. Цяпер ён таксама працуе ў структуры «Лукойла»,
але на менш уплывовай пасадзе намесніка генеральнага дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасці ААТ «РІТЭК».
5. Былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, а да таго — кадэбіст (былых, з гонарам кажуць яны, не бывае) Урал Латыпаў пасля адстаўкі тры гады адпрацаваў старшынём кансультацыйнае рады кампаніі «Лукойл‑Беларусь».
З 2008 года Урал Латыпаў узначаліў ТАА «Дырэкт Менеджмент» — кіраўнічую структуру ААТ «МТЗ «Рубін», аднаго з найбуйнейшых дэвелапераў расійскай сталіцы, які належыць выхадцу з Мінска Аляксандру Міляўскаму. У той жа кампаніі пэўны час працаваў былы прэм’ер‑міністр Беларусі (да 2001 года) Уладзімір Ярмошын. Цяпер у ёй жа працуе былы галоўны архітэктар Мінска Аляксандр Чадовіч. Ён займае высокую пасаду віцэ‑прэзідэнта ААТ МТЗ «Рубін» па архітэктуры.
6. Паспяховы бізнес у Расіі мае Віктар Лагвінец.
У першыя гады кіравання Лукашэнкі ён быў блізкі да кіраўніка краіны праз ягоны тагачасны кашэль — Івана Ціцянкова. Валодаў кампаніяй «Конта‑груп», пакуль не раскулачылі. Тады ўцёк у Расію. Маёмасць былога генеральнага дырэктара «Калмнафты» (Калмыкія) не мультымільённая, але ёсць.

Хадзілі чуткі, што Лагвінец мог фінансаваць мінулую прэзідэнцкую кампанію Аляксандра Казуліна, — проста каб насаліць свайму былому патрону. Праўда, ніякіх пацверджанняў гэтаму не было.

Мала хто ведае, што Віктар Лагвінец -- траюрадны брат Алеся Лагвінца, памочніка Аляксандра Мілінкевіча. Алесеў бацька Віктара хрысціў. Браты не падтрымліваюць блізкай сувязі, але сустракаюцца на Радуніцу.

7. Былы кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў у свой час падмяў пад сябе вялікі бізнес у Беларусі, але, са словаў Лукашэнкі, «зарваўся». Быў адпраўлены ў адстаўку. Уцёк у Маскву, а пасля праклаў туды дарогу многім беларускім высокапастаўленым эмігрантам.
У 2000 годзе ён заняў пасаду начальніка ўпраўлення лагістыкі ў канцэрне «Ітэра», даччынай структуры «Газпрома». У 2001 годзе Ціцянкова звязвалі з кампаніяй Уладзіміра Ганчарыка. Жонка Ціцянкова нават надрукавала адкрыты ліст Лукашэнку, у якім хрыстом‑богам маліла не чапаць сына — ён, маўляў, за бацьку не адказны.

У «Ітэры» Ціцянкоў адрабіў год, а пасля стаў развіваць уласны бізнес.

8. Леанід Ерын, які кіраваў беларускім КДБ да 2004 года, знайшоў сябе ў буйной расійскай дзяржкарпарацыі. Ён займае пасаду дарадцы пры прэзідэнце ААТ «Расійская чыгунка» Уладзіміру Якуніну.
Масква яму не чужая. Ён там працаваў у ФСБ перад сваім пераездам у Беларусь, дзе яго адразу прыгрэў Лукашэнка. А ў Мінск Ерын даволі часта лётае ў адведкі.
9. У Маскве ж знайшоў працу папярэднік Ерына на пасадзе старшыні КДБ Уладзімір Мацкевіч.
Цікава, што па першай спецыяльнасці ён займаўся «хімічнай тэхналогіяй перапрацоўкі нафты і газу». У 1970—1973 гадах працаваў інжынерам‑тэхнолагам на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. А тады ўжо пайшоў у савецкую спецслужбу. У адстаўку Мацкевіч быў адпраўлены пасля таго, як следчыя КДБ пачалі расследаваць справу аб палітычных выкраданнях. 8 гадоў Мацкевіч узначальваў беларускую дыпмісію ў Бялградзе. І ні слова не сказаў адносна тых гучных справаў. У свой час ён перанёс рак, аперавалі яго ў Нямеччыне, ён дагэтуль назіраецца ў дактароў і актыўнай дзейнасцю не займаецца.
10. Па сваёй «першай спецыяльнасці» ўладкаваўся ў Маскве былы ўсёмагутны начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько.
У Беларусі ён страціў сваю пасаду праз карупцыйную справу ў 2001 годзе. Рахманько даўно займае адказную пасаду ў «Газпроме». Ён — начальнік упраўлення транспарту Дэпартамента інвестыцыяў і будаўніцтва.

Удзячнасць за звесткі — сайту zautra.by

* * *

Асобы з дзяржаўных структур або набліжаных да Пуціна кампаній

    Валерый Казакоў
    Уладзімір Навумаў
    Уладзімір Муляк
    Аляксандр Міляўскі
    Урал Латыпаў
    Леанід Ерын
    Віктар Рахманько

Уласнікі самастойных бізнэсаў

    Віктар Лагвінец
    Васіль Лявонаў
    Іван Ціцянкоў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?