Але ўнутрыпартыйная апазіцыя гэтае рашэнне праігнаравала.

Рыгор Кастусёў. Фота радыё «Свабода».

Рыгор Кастусёў. Фота радыё «Свабода».

У Мінску прайшоў з'езд Партыі БНФ. Галоўнай яго задачай было — вызначыцца з фарматам удзелу ў будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Большасць дэлегатаў падтрымала старшыню партыі Аляксея Янукевіча і прагаласавала за тое, каб не проста ісці на выбары, але і выстаўляць кандыдата ад партыі БНФ.

У якасці такой асобы на безальтэрнатыўнай аснове абралі намесніка Янукевіча Рыгора Кастусёва. За яго прагаласавалі 150 дэлегатаў.

Гэта будзе першым абраннем агульнапартыйнага кандыдата пасля выбараў 1994 года.

Рыгор Кастусёў працаваў кіраўніком камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёна і на іншых кіраўнічых пасадах ніжняга звяна, пакуль яго не выціснулі з працы за ягоны ўдзел у палітычных кампаніях за беларушчыну і дэмакратыю.

Падчас вылучэння прэтэндэнтаў у якасці магчымых кандыдатаў называліся прозвішчы партыйцаў Сяргей Мальчыка і Лявона Баршчэўскага. Першы ўзяў самаадвод. А пісьмовую адмову сп. Баршчэўскага зачытаў Аляксей Янукевіч. Хаця асобныя сябры партыі ўсё роўна настойвалі на тым, каб асобу былога кіраўніка партыі ўнеслі ў спісы для галасавання. «Не ведаю, наколькі этычна выносіць асобу на галасаванне ў яе адсутнасць», — сказаў Янукевіч. Хаця падкрэсліў, што сам не супраць гэтай кандыдатуры.

На з’ездзе вызначылі, каб не пазней за 1 ліпеня зацвердзіць склад выбарчага штаба адзінага кандыдата. Сам штаб узначаліць Аляксей Янукевіч. Таксама прынятае рашэнне, па якім Сойм партыі можа заключаць пагадненні з іншымі кандыдатамі ці палітычнымі сіламі аб вызначэнні агульнага кандыдата. Але падкрэсліваецца, што гэта будзе магчыма толькі ў выпадку, калі іншыя сілы будуць нацыянальна арыентаванымі.

Разам з тым дэлегатамі з’езду прынятае рашэнне, згодна з якім

сябры партыі не могуць супрацьдзейнічаць выбарчай кампаніі кандыдата ад партыі БНФ і не могуць яго крытыкаваць праз СМІ.

А 

ў выпадку вызначэння агульнага кандыдата з іншымі палітычнымі сіламі, нават калі ім стане не кандыдатура ад БНФ,

для сяброў партыі не дапушчальна ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях іншых кандыдатаў.

Частка дэлегатаў з рэгіёнаў выказалася супраць удзелу ў выбарах наогул. А некаторыя нават прапанавалі падтрымаць у якасці прэтэндэнта на пост прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча. Але такія заявы не знайшлі шырокай падтрымкі.

З 205 вылучаных дэлегатаў, на з’ездзе зарэгістраваліся 172 чалавекі.

З’езд праігнаравалі былыя кіраўнікі партыі Вінцук Вячорка і Лявон Баршчэўскі.

Ствараецца ўражанне, што Кастусёў — тэхнічны кандыдат. Яго вылучэнне мае на мэце паспрыяць перавазе правацэнтрысцкага крыла апазіцыі над левацэнтрысцкім. У сваю чаргу, вылучэнне Баршчэўскага, чаго дабіваецца «старая гвардыя», схіліць шалі на карысць кангламерату «Гавары праўду», які актыўна падтрымалі таксама лідэры посткамуністаў і Аб’яднаная грамадзянская партыя. АГП, дарэчы, таксама мае вылучыць у кандыдаты не старшыню партыі, а намесніка — Яраслава Раманчука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?