Сяргей Буткевіч быў адным са старэйшых віцебскіх журналістаў, і значную частку свайго жыцьця ён аддаў працы менавіта у незалежнай журналістыцы – газэце «Витебский курьер» і «Народная Воля».

Сяргей Буткевіч пайшоў з жыцьця мінулай ноччу, пасьля цяжкой хваробы, якая цягам апошніх год замінала яму займацца любімай працай. Пасьля перанесеных інсультаў ён ня мог пакідаць свае кватэры – хвароба абмежавала ягоныя фізычныя магчымасьці. Але ён не пакідаў пісаць, і ў гэтага стомленага, але не зламанага хваробай чалавека атрымліваліся энэргічныя, пругкія, эмацыйныя артыкулы на самыя надзённыя тэмы віцебскага жыцьця.

Тэлефон у ягонай кватэры, бывала не замаўкаў цэлымі днямі. Яму тэлефанавалі знаёмцы і сябры, героі ягоных друкаваных матэрыялаў, якім публікацыі дапамаглі вырашыць нейкія праблемы, і зусім не знаёмыя людзі, якія чакалі ад журналіста парады ці дапамогі.

Журналіст Сяргей Буткевіч быў добрым бацькам і мужам. А для тых, хто ня меў зь ім сваяцтва і проста сустракаўся па жыцьцёвым шляху, гэты чалавек застанецца у памяці як добры старэйшы сябар і сапраўдны прафэсіянал, які ніколі ня скардзіўся на нягоды ўласнага жыцьця і быў адданы сваёй справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?