Інтэнсіўны рост узроўню знешняга доўгу ва ўмовах высокага дэфіцыту знешняга гандлю павялічвае ўразлівасць эканомікі і ўяўляе значную рызыку з пункту гледжання знешняй стабільнасці і плацежаздольнасці з прычыны значнага росту расходаў на яго абслугоўванне ў далейшым.

Пра гэта гаворыцца ў падрыхтаваным Нацыянальным банкам аналітычным аглядзе «Фінансавая стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2009 годзе».

У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца, што ва ўмовах абмежаваных магчымасцяў прыцягнення капіталу прыватным сектарам фінансаванне ўзрослага дэфіцыту рахунку бягучых аперацый было забяспечана пераважна шляхам запазычанняў органамі дзяржкіравання і грашова‑крэдытнага рэгулявання, што прывяло да значнага росту сукупнага знешняга доўгу.

Дэфіцыт рахунку бягучых аперацый быў прафінансаваны за кошт прытоку капіталу і фінансавых рэсурсаў у аб’ёме 8,3 млрд. даляраў ЗША, што ў 1,9 разу вышэй, чым у 2008 годзе.

Пры гэтым 51,9% чыстага прытоку капіталу склала прыцягненне выключнага фінансавання. Пад ім маецца на ўвазе фінансаванне, што прыцягваецца органамі дзяржкіравання і грашова‑крэдытнага рэгулявання для забеспячэння пакрыцця разрыву фінансавання, што склалася ў выніку пагаршэння плацежнага балансу і скарачэння міжнародных рэзервовых актываў.

Паводле звестак Нацбанка, рост аб’ёмаў прыцягнення выключнага фінансавання спрыяў значнаму росту знешняга доўгу Рэспублікі Беларусь. На 1 студзеня 2010 года аб’ём пазыковых абавязацельстваў эканомікі ў параўнанні з пачаткам 2009 года павялічыўся на 45,4% і склаў 22 млрд. даляраў ЗША, або 45% гадавога ВУП.

Пры гэтым удзельная вага знешняга доўгу органаў дзяржаўнага кіравання і грашова‑крэдытнага рэгулявання ў агульным аб’ёме знешняга доўгу вырасла на 13,3 працэнтнага пункта да 39,9%. Рост доўгатэрміновых запазычанняў органамі дзяржаўнага кіравання і грашова‑крэдытнага рэгулявання спрыяў росту долі доўгатэрміновых абавязацельстваў у структуры валавога знешняга доўгу да 55,1% супраць 45,4 працэнта на 1 студзеня 2009 года.

Як паведамлялася раней, афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што сур’ёзных праблем з абслугоўваннем дзяржаўнага доўгу няма. У 2010 годзе краіна будзе выплачваць галоўным чынам працэнтныя плацяжы. Іх Міністэрства фінансаў таксама расцэньвае як камфортныя.

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду адзначаюць, што знешні доўг Беларусі па міжнародных стандартах застаецца нізкім, што з’яўляецца «вялікай перавагай рэспублікі ў цяперашнім міжнародным эканамічным асяроддзі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?