Сёння, 19 верасня лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч прыбыў з афіцыйным двухдзённым візітам у Фінляндыю, якая цяпер старшынюе ў Еўрапейскім Саюзе. У плане візіта двухбаковая сустрэча з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Мацці Ванханенам і шэрагам вядучых фінскіх палітыкаў. Падчас візіту беларускага палітыка ў Хельсінкі будзе абмеркаваная мажлівая рэакцыя Еўропы на пагрозу страты Беларуссю незалежнасці, а таксама пытанні ўдасканалення еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, і еўрапейскай салідарнасці з палітзняволенымі ў нашай краіне.

Сустрэча з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Мацці Ванханенам (Matti Vanhanen) адбудзецца 19 верасня ў Палацы ўраду гэтай паўночнай краіны. У часе візіту запланаваныя таксама перамовы Аляксандра Мілінкевіча са спікерам фінскага парламенту Паава Ліпаненам (Paavo Lipponen), кіраўнічкай камітэта па міжнародных справах парламента Ліісай Яаакансаары (Liisa Jaakonsaari), лідэрамі парламенцкіх фракцый. Аляксандр Мілінкевіч выступіць таксама з дакладам у Фінскім інстытуце замежнапалітычных дачыненняў, дзе выкладзе альтэрнатыўнае бачанне беларускімі дэмакратычнымі сіламі эканамічнага і палітычнага развіцця Беларусі, а таксама перспектывы беларуска-расійскіх стасункаў.

— Тэма Беларусі павінна па-ранейшаму заставацца адной з галоўных і праблемных для краін Еўрасаюзу. Гэтай мэце і прысвечаны мой візіт у Фінляндыю, якая цяпер цяпер стаіць на чале Еўрасаюзу, а яе прэм’ер-міністр, фактычна, з’яўляецца кіраўніком гэтай еўрапейскай сурольнасці, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, кажучы аб мэтах свайго візіту ў Фінляндыю.

Фінляндыя старшынюе ў Еўрапейскім Саюзе з першага ліпеня бягучага году. Яшчэ на працягу больш як трох месяцаў гэтая краіна будзе адказная за стан еўрапейскіх справаў і будзе ўплываць на акцэнты палітыкі Еўрасаюза.

Паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, Еўропа павінна зрабіць рэвізію сваёй палітыкі ў дачыненнях з Беларуссю.

— Лічу, што сутнасцю палітыкі Еўропы павінна быць: ізаляцыя рэжыма, але падтрымка грамадства. Дзеянні павінны быць вельмі выверанымі і дакладнымі, датычыць улады, але не насельніцтва, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Мы не чакаем пералому, альбо рэвалюцыі ў стасунках да Беларусі. Чакаем заангажаванасці і паслядоўнага прасоўвання наперад нашых супольных справаў. Чакаем, што ў гэтай важнай для нас справе Фінляндыя ад імя краін Еўрасаюзу не абмяжуецца адно прагматычным падыходам, але будзе таксама рэагаваць на факты парушэння правоў чалавека ў нашай краіне, на павелічэнне колькасці палітзняволеных, на ўзмацненне рэпрэсій супраць актыўных грамадзянаў, палітыкаў, моладзевых лідэраў, журналістаў, грамадскіх дзеячоў. У гэтым кантэксце ніякі прагматычны падыход не можа быць апраўданы недастатковай ўвагай да базавых каштоўнасцяў, на якіх збудаваны Еўрасаюз, - дадаў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Візіт у Фінляндыю адбываецца ў атмасферы актыўных размоваў пра мяркуемы «аб’яднаўчы» рэферэндум Беларусі і Расіі. У гэтай сітуацыі, лічыць Аляксандр Мілінкевіч «Фінляндыя, як краіна, якая на гэтым этапе стаіць на чале Еўрасаюзу, павінна яшчэ больш дэтальна адсочваць развіццё сітуацыі ў Беларусі. Вельмі верагодна, што ў выпадку далейшага пагарашэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі і любых праяваў пагрозы страты незалежнасці Беларусі, дэмакратычныая супольнасць у нашай краіне будзе патрабаваць ад 25 краін-сябраў Еўрасаюзу салідарнасці рашучай рэакцыі, і хуткіх, адназначных ацэнак, - сказаў беларускі палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?