Памяці Андрэя Вазнясенскага. Піша Уладзімір Някляеў.

Андрэй Вазнясенскі і Уладзімір Някляеў. 1998 год.

Андрэй Вазнясенскі і Уладзімір Някляеў. 1998 год.

1 чэрвеня 2010 года пасля працяглай і доўгай хваробы памёр паэт Андрэй Вазнясенскі.

Для тых, хто не памятае, як пахне адліга, хто ў 60-х гадах мінулага стагоддзя не прарываўся праз кардоны коннай міліцы на стадыёны, каб не футбол ці хакей паглядзець, а паслухаць вершы, — з смерцю Андрэя Вазнясенскага нічога асаблівага не сталася. Ну, памёр нехта ў адпаведным для таго ўзросце, няхай сабе паэт. Дык зараз не час паэтаў, ім якраз і пара паміраць… Але для тых, хто пах адлігі памятае і на стадыёны, дзе гучала паэзія, прарываўся, 1 чэрвеня 2010 года на 78-м годзе жыцця пасля цяжкой і працяглай хваробы памерла эпоха. Ці, ва ўсякім разе, не стала аднаго з тых, хто яе ўвасабляў.

Калі ў 1959 годзе была надрукаваная паэма Вазнясенскага «Майстры», а праз год з’явіліся кнігі «Парабала» і «Мазаіка», краіна, якая называлася Савецкім Саюзам, здрыганулася. Менавіта краіна, а не чытачы паэзіі, бо ўся краіна й была чытачамі. І амаль усе былі паэтамі.

Каб цяпер распавесці некаму, хто такі Андрэй Вазнясенскі, трэба абавязкова нагадаць, што менавіта ён падараваў Але Пугачовай «Миллион алых роз». Гэта і смешна, і сумна. Больш, чым сумна. Бо, час, які распазнаецца не па паэзіі, а па шлягерных тэкстах, гэта не час. Гэта бясчассе.

Вось што было задоўга да мільёна руж.

Запомні гэты міг.

І над шыпшынай поўнік.
І на тваім плячы прышчэпкі светлы боль.
Я — вечны Твой паэт. Твой вечны палюбоўнік.
І — анічога больш.

Запомні лета штрых, пакуль ты можаш помніць.
Хоць тысячу гадоў адлічыць час, — і ўсё ж
Ты ўскрыкнеш, і цябе шыпшыны драпне поўнік.
І — анічога больш.

(Пераклад Рыгора Барадуліна).

Сёння хіба лянівы не аблайвае Савецкі Саюз: суцэльны ГУЛАГ, імперыя зла…

Так, СССР быў і ГУЛАГам, і быў імперыяй. Але не толькі. У ім былі яшчэ, апроч усяго іншага, найвялікшыя ў чалавечай гісторыя літаратурныя падмосткі — ад Хабараўска да Брэста.
І на іх стаялі паэты. Найпершымі — Андрэй Вазнясенскі, Яўген Еўтушэнка, Бэла Ахмадуліна, Роберт Раждзественскі. «Нас многа. Быць можа, чацвёра» — напісаў адзін з іх. Стадыёны раўлі, узрываліся авацыямі, заміралі ў знямелай цішыні. І над гэтай знямеласцю дзіўна, нібы паперадзе самога сябе, ляцеў Голас. «Я — Гойя! Вачніцы варонак мне выдзяўбаў вораг, засеяўшы поле тугою. Я — Гора! Я — Голас…» І ўся краіна ведала, чый гэта Голас і пра што ён…

Паэзія ў той час была хутчэйшай за сам час. Як вецер перад цягніком. І якраз дзякуючы працягнутым рукам Андрэя Вазнясенскага і Яўгена Еўтушэнкі, я паспеў ускочыць на апошнюю прыступку апошняга вагона гэтага цягніка, які ўжо адаходзіў…

Савецкая імперская літаратура, у якой я пачынаў, скончылася. Сарвалася, як цягнік пад адхіл. Патанула, як «Тытанік». Лёс тых, хто патануў у акіяне разам з караблём, трагічны. Але ці ні горшая, бо самотная, доля тых, хто застаўся на беразе.

Мы чыталі вершы на стадыёнах, друкаваліся ў часопісах з мільённымі накладамі — і мільёны хацелі быць падобнымі да нас, на паэтаў. На каго яны хочуць быць падобнымі сёння?..

Парадаксальная праўда ў тым, што і на стадыёнах, і ў часопісах мы ўсё зрабілі для таго, каб ні стадыёнаў, ні часопісаў у нас не стала.

Што ж у нас засталося?.. Насуперак часу, бясчассю, гарбачоўшчыне, пугачоўшчыне, насуперак усяму — паэзія. І сябры, якіх адзін за адным мы губляем. Якія няўмольна адыходзяць туды, куда наканавана адыходзіць паэтам: у вечнасць.

Я не знаю, как остальные,
но я чувствую жесточайшую
не по прошлому ностальгию —
ностальгию по настоящему.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0