Уладзімір Някляеў. Фота Юліі Дарашкевіч.

Уладзімір Някляеў. Фота Юліі Дарашкевіч.

Прэзентацыю ледзь не сарвалі супрацоўнікі міліцыі, якія праз увесь горад ехалі за ўдзельнікамі імпрэзы.

2 чэрвеня грамадская кампанія «Гавары праўду» прэзентавала кнігу «Сто абліччаў беспрацоўя». Пра месца правядзення мерапрыемства журналістам не паведамілі. Мікрааўтобус з прадстаўнікамі прэсы і сябрамі грамадскай кампаніі праз увесь горад суправаджаў міліцэйскі УАЗ. Канечным пунктам трывожнага маршруту стала Мінскае мора. Аказалася, што для прэзентацыі кнігі быў арандаваны прагулачны параходзік. Міліцыянты засталіся на беразе і нават не выйшлі з машыны. А журналісты і Уладзімір Някляеў з паплечнікамі адчалілі. Сярод гасцей някляева быў і лідэр беларускіх апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін.

Прэзентаваная кніга ўяўляе сабой зборнік гісторыяў жыцця 100 чалавек, якія не могуць сабе знайсці працу. Праблема беспрацоўя пададзена не ў звыклых статыстычных дадзеных, а ў расказах рэальных людзей з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Праект рыхтаваўся ад пачатку 2010 года.

«Самае цынічнае, што ніхто не верыць, што я беспрацоўны, — расказвае Сяргей Скрабец, адзін з герояў кнігі, — усе лічаць, што ў мяне дзесьці грошы закапаныя. Застаўся без працы не толькі я, але і яшчэ 100 чалавек, якія працавалі ў той момант, калі фірму разрабавалі. Шэсць чалавек са мной апынуліся за кратамі. Я ведаю, многія людзі, якія раней працавалі са мной, сёння таксама знаходзяцца без працы.

Я спрабаваў не адзін раз уладкавацца на працу, але не маю шанцаў уладкавацца нікім акрамя грузчыка, дворніка ці кімсьці яшчэ. У мяне першая адукацыя — металург, другая — юрыст. Нядаўна я быў у судзе Ленінскага раёна, мяне выклікаў судовы выканаўца, пытаецца, чаму не працую. Я прапаноўваў ім, вазьміце мяне на працу — яны толькі пасмяяліся. Афіцыйную працу знайсці для мяне не магчыма, таму я падпрацоўваю кур’ерам».

Акрамя гісторыяў пра беспрацоўе па палітычных прычынах у кнізе пададзены і іншыя жыццёвыя сітуацыі. Кніга падзелена на раздзелы: «Нешанцоўныя», «Нявопытныя», «Нязручныя», «Нестандартныя», «Нелаяльныя». Кніга дзвюхмоўная, як сказаў укладальнік: «хто как хаціт, той так і гаварыт. На якой мове героі кнігі давалі інтэрв’ю, на той мове іх і апублікавалі».

Напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Някляеў зазначыў, што гэта была не проста сустрэча з нагоды выхаду кнігі. Насамрэч, прагулка па Мінскім моры была прысвечана яшчэ і круглай даце — 100 дзён таму стартавала кампанія «Гавары праўду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?