Акцыя «Стоп‑бензін» не паўплывала на працу аўтазаправачных станцый канцэрна «Белнафтахім», pаявілі супрацоўнікі трох АЗС, што належаць канцэрну.

Паводле іх слоў, паток спажыўцоў паліва не змяншаецца і з 1 чэрвеня прыкметных стратаў у колькасці кліентаў не адбылося. Яны таксама сцвярджаюць, што большасць работнікаў АЗС не ведаюць аб акцыі пратэсту аўтааматараў.

У прыватнасці, каментуючы сітуацыю з байкатаваннем заправак «Белнафтахіма», прадстаўнік АЗС № 49 Міхаіл Кудзін заявіў: «Я коратка чуў пра акцыю. Мне здаецца, гэта глупства — людзі не адмовяцца ад паліва, усім трэба дабірацца да працы, нехта едзе адпачываць. Так, нашы аўтазаправачныя станцыі ўваходзяць у канцэрн «Белнафтахім», але самастойна мы не фарміруем цэны, дык пры чым тут АЗС? У гэты канцэрн уваходзіць і «Белшына», напрыклад, а таксама іншыя кампаніі. Дык давайце перастанем купляць шыны, фарбы, угнаенні». Міхаіл Кудзін упэўнены, што вырашаць праблему трэба ў корані.

Зусім інакш да мерапрыемства ставяцца сталічныя аўтааматары.

«Асабіста я бяру ўдзел у акцыі, — паведаміў Аляксей Захватаў, аўтаэлектрык. — Расход паліва майго аўтамабіля складае каля 15 літраў на 100 кіламетраў.

Нават невялікае павышэнне цаны ўдарыла б па кішэні, што ўжо казаць пра той цэнавы скачок, які мы назіраем.

Мой таварыш быў вымушаны перайсці з паліва А‑95 на А‑92. Вядома, для бюджэту гэта адчувальна. Я ўжо запраўляў аўтамабіль адным літрам бензіну ў падтрымку акцыі».

Андрэй Засорын, гандлёвы агент, раздзяляе меркаванне абураных аўтааматараў. «Пра акцыю «Стоп‑бензін» не чуў, але цяпер, калі даведаўся пра гэта, падтрымліваю поўнасцю, — заявіў ён. — Я часта ў камандзіроўках, перамяшчаюся на асабістым аўтатранспарце.

У межах Мінска мая кампанія не аплачвае паліўныя затраты, таму павышэнне кошту бензіну значна адбіваецца на асабістым бюджэце».

Андрэй мяркуе, што рост паліўных цэн абсалютна неабгрунтаваны: «Чуў, што Расія запатрабавала больш грошай за нафту, але гэта не тычылася вытворных прадуктаў унутранага спажывання. Чаму тады мы павінны пакутаваць?»

Нагадаем, з 1 па 4 чэрвеня ў шэрагу гарадоў Беларусі праходзіць акцыя аўтааматараў супраць павышэння цэн на бензін на ўнутраным рынку. Яе ўдзельнікі заявілі пра намер ігнараваць запраўкі канцэрна «Белнафтахім» або ў знак пратэсту купляць не больш як два літры паліва.

У калектыўным звароце да прэзідэнта аўтааматары падкрэсліваюць, што «ў сваіх дзеяннях канцэрн «Белнафтахім» кіруецца не рыначным становішчам, а выключна паняццем сваёй уласнай выгады». Яны таксама просяць растлумачыць механізм і сутнасць працэсу фарміравання адпускных цэн на нафту і нафтапрадукты, што рэалізуюцца на запраўках краіны, а менавіта на бензін і дызель.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?