«Нічога ня выйдзе – народ у нас такі». Яшчэ год таму мне здавалася, што гэта была каронная фраза тыповага беларускага апазыцыянэра, якая толькі падкрэсьлівае адасобленасьць партыйцаў ад памянёнага вышэй народу. Але ў Сітне мне давялося пачуць дакладна гэткае ж спавяданьне ўжо ад столькіх простых людзей – работнікаў, пэнсіянэраў, настаўнікаў, майстроў – што зь іх акурат было б скласьці гэты самы праславуты народ.

Ёсьць у сучаснага беларуса дзіўная схільнасьць – сьпісваць усё, што мог бы зрабіць сам, на народ. Брудна каля хаты – «народ такі». Ніхто не пярэчыць начальству на сходзе (усе лаюць, панізіўшы голас, на перакуры) – «ну, ты ж у курсе, які ў нас народ...». Не размаўляюць па-беларуску: «Да им ничего, кроме колбасы, не надо… Во народ!» Што ж за народ такі? Вядома, землякі.

Асабістая адказнасьць цалкам распушчаецца і патанае ў калектыўнай. Здавалася б, менавіта калектывізм можа стаць найпершай крыніцай такога дэфіцытнага ў нас патрыятызму – але Беларусь даводзіць: наадварот. Дэспатызм заўжды культываваў безаблічную біямасу дзеля патрэбаў імпэрыі. Адсюль – страта ўсьведамленьня сваёй унікальнасьці і як асобы, і як прадстаўніка народу.

Вось Алесь – лепшы вальшчык лесу ў сіценскім сельсавеце, рыбак і паляўнічы, гуляка з сэрцам Тыля Ўленшпігеля. Вось Валянціна – улюбёная настаўніца сіценскіх дзяцей, знаўца клясычнае літаратуры й замежных моваў. Алег – малады работнік, жывая энцыкляпэдыя з фэнамэнальнай памяцьцю, што шчоўкае крыжаванкі, быццам гарэшкі. Уладзімер – пэнсіянэр, які ўсё жыцьцё праводзіць на сотках, урабляючы бульбу; заўсёды павітаецца, пачастуе яблыкам, распавядзе пра надвор’е.

Для рэжыму – насельніцтва, для апазыцыі – электарат. Так, усе яны галасавалі за Лукашэнку ў 1994-м, 2001-м ды 2004-м... да тае пары, пакуль зь імі не пагаварылі па шчырасьці, не далі пачытаць «Нашай Нівы», не падказалі, якія правы яны маюць. І людзі адчулі сябе людзьмі. Больш за тое – беларусамі.

Усю сваю 100-гадовую гісторыю Беларусь паміж калектывісцкім Усходам і індывідуалістычным Захадам фармулявала залатую, сутнасна хрысьціянскую й дэмакратычную раўнавагу пэрсаналізму. Пэрсаналізм надае першачарговую ўвагу ня «масе» й не безасабоваму «індывіду», але ўнікальнай асобе й тым супольнасьцям, дзе асоба раскрываецца найпаўней. Сям’і. Царкве. Сябрам. Свойскаму колу супрацоўнікаў. Пэрсаналізм – вяршыня асабістае адказнасьці. Народ у такім разуменьні – мэгаструктура дзеля суцэльнай самарэалізацыі людзей.

«Людзьмі звацца!» – гэта нацыянальны заклік да яднаньня асобаў. «Нелюдзь!» – самы страшны беларускі праклён.

У сёньняшнім Сітне навідавоку бачыш, як людзі губляюць сваю асабістую ўнікальнасьць – за 2–3 гады рэгулярнага ўжываньня «максімкі» крывіцкія абліччы ператвараюцца ў шэраг невыразных, аднолькава сьпітых твараў. Мяшкі пад вачыма. Чырвона-шызы нос. Бессэнсоўны позірк.

Дзяржаве што – яна спансаруе. Адказнасьць за захаваньне беларускай унікальнасьці – на нас з вамі. Раскрыць значэньне кожнай асобы для сваёй краіны, растлумачыць кожнаму беларусу, зь якім ты побач, неверагодную каштоўнасьць ягонае душы, ягоную вартасьць перад Богам, ягоную місію ў Беларусі – адзінае выйсьце з абыякавага, сьпітага й зьняверанага калектыўнага бесьсьвядомага, навязанага і Сітну, і Менску.

Але ж замест таго, каб абыходзіць адну за адной мільёны беларускіх асобаў, сякія-такія адмыслоўцы лічаць за лепшае па некалькі разоў на год выбраць са свайго асяродзьдзя найлепшую асобу, за якой бы пайшоў народ. Цара гары. Ёсьць такая дзіцячая гульня: аблюбаваць сабе горку, штурмаваць, скідаць адзін аднаго, каб на момант ускінуць рукі, пераможным воклічам абвесьціць сябе царом – і паляцець дагары нагамі ад кухталя чарговага прэтэндэнта пад ухвальныя выгукі партнэраў. Усім весела, усім цікава, толькі люду вакол ад гэтае валтузьні хіба сьмешна. Люд бачыць, што ў апазыцыі свая тусоўка, у рэжыму свая, і, уздыхнуўшы, пачынае займацца штодзённымі справамі, за якімі яго й засьпявае выпадкова агітатар з таго ці іншага боку.

А беларускі народ ня горшы за іншыя. У занядбанай вёсачцы Малое Сітна, у лясной глушы на мяжы з Расеяй, усяго за год зьявілася суполка ТБМ, два маладафронтаўцы, пяць падпісчыкаў «Народнай волі». Паўтара дзясятка вяскоўцаў носяць значкі «За свабоду» і перадаюць з рук у рукі незалежную прэсу. Калі начальніка мясцовай участковай камісіі адразу пасьля сакавіцкіх выбараў прызначылі кіраўніком леспрамгасу, больш за сорак работнікаў пісьмова адмовіліся працаваць па суботах і нядзелях – і ў жніўні начальніка памянялі. Цяпер сямёра вяскоўцаў рыхтуюцца да мясцовых выбараў у сельсавет...

І справа тут не ў маёй палітычнай актыўнасьці: у мяне амаль увесь вольны час насамрэч заняты пісаньнем, чытаньнем ды сустрэчамі з прыежджымі наведнікамі. Вяскоўцы цікавяцца, падыходзяць, праяўляюць ініцыятыву самі. Людзі хочуць нешта зьмяніць – ім трэба адно інфармацыя, эмацыйны штуршок, тлумачэньне. Дзесьці тэлефонны нумар, дзесьці артыкул, дзесьці праўная кансультацыя. Простыя словы й простыя рэчы, якімі ў нас валодае кожны грамадзкі актывіст.

Скажаце, людзі баяцца? «У сьмеласьць майго народу я веру значна больш, чым у ягоную арганізаванасьць», – мае рацыю Вячаслаў Сіўчык.

Галоўнае пытаньне – ня ў страху. Знайсьці людзей, якія не баяцца размаўляць па-беларуску, не жахаюцца чытаць «Нашай Нівы»; выказваюць праўду ўголас або ўдзельнічаюць у кампаніях – не праблема. «Грукайцеся – і адчыняць вам, прасеце – і дасца вам, шукайце – і знойдзеце!» (Мацьвея 7:7). Галоўнае пытаньне – у веры.

Ці верым мы ў тое, што робім? Ці верым, што пераможам? Ці верыць кожны з нас у сваё пакліканьне? У сваю краіну? У тое, што беларускі народ сапраўды годны свабоды, праўды й справядлівасьці?

Вера – паняцьце ўнівэрсальнае. Калі верыць толькі ў тое, што бачыш – зло непераможнае, мафія несьмяротная, а Беларусь безнадзейная. Але калі верыш у Бога, Які стварыў гэтую краіну й аддаў Сваё жыцьцё за гэты народ, калі верыш, што кожны з 10 мільёнаў беларусаў – гэта вобраз і падабенства Ягоныя, што ахвяраваньні, пакуты й нават сьмерць абарочваюцца ўваскрашэньнем – тады твая вера ператвараецца ў дзеяньне.

А вера, якая дзейнічае любоўю (Да Галятаў 5:6) – гэта і ёсьць нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?