Дзякуючы Андрэю Калядзе мы сёння маем адзін з лепшых узораў мастацкага перакладу на беларускую мову. А яшчэ ён стварыў унікальны народны тэатр «Жывое слова»

Яго калега па працы ў Акадэміі мастацтваў Яраслаў Громаў некалі сказаў: «Настаўнік, сцвярджае мудрасць, гэта той, хто вырашае лёс чалавека, а не толькі паведамляе яму суму ведаў. У гэтым сэнсе педагагічная дзейнасць Андрэя Андрэевіча Каляды — гэта перш за ўсё выхаванне творчай асобы, выхаванне чалавека-грамадзяніна, здольнага востра і прачула адгукацца на падзеі жыцця, схопліваць самыя тонкія працэсы, якія адбываюцца ў паўсядзённай рэчаіснасці».

Лёс наш, яго выхаванцаў, сапраўды ў многім вырашаны ім і яго непаўторным, самабытным тэатрам мастацкага чытання «Жывое слова». Ён як рэжысёр-педагог не проста ставіў спектаклі, але быў апантаны імкненнем перадаць свой акцёрскі вопыт, свае перакананні нам. Я асабіста ўдзячна яму за тое, што маё больш рускае вымаўленне беларускіх слоў (гэта ад мамы —яна з Ліпецкай вобласці) дапамог паправіць, і я загаварыла нядрэнна і нават прыгожа па-беларуску, на мове свайго бацькі. Мала таго, навучыў бачыць за словамі яркія вобразы, паняцці. Мы з задавальненнем авалодвалі тэхнікай вуснай мовы, разумелі неабходнасць данесці да слухачоў праз выразнасць і глыбінны сэнс мастацкага слова ўсё багацце беларускай мастацкай літаратуры.

Тут смакавалі словы «цукар», «мёд»
І «скрыпку узнімалі з футарала».
Ад «складаў бомб» прамёрзлі навылёт,
Каб слова «мір» яшчэ цяплей гучала.

Гэтыя простыя, але шчырыя радкі я чытала ў сакавіку 1991 года, калі наш тэатр урачыста адзначаў сваё 25-годдзе. На юбілейным вечары са сваім тэатрам развітваўся Андрэй Андрэевіч Каляда, які тады ўжо перайшоў на прарэктарскую работу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). І зноў усё пачалося са Слова... Па прапанове Андрэя Андрэевіча рэктарам і Саветам БДТМІ была прынята праграма пераходу на беларускую мову навучання. Яшчэ на пачатку сваёй акцёрскай і педагагічнай дзейнасці Андрэй Каляда зразумеў і добра засвоіў на практыцы адзін з запаветаў К.С.Станіслаўскага аб тым, што слова — дзейснае. І зрабіў для сябе выснову: значыць, можна і трэба ўздзейнічаць на чалавека праз слова дзейснае...

Як прарэктар па вучэбнай рабоце А.А.Каляда прымаў самы актыўны і непасрэдны ўдзел у рабоце па арганізацыі кафедры кінатэлемастацтва, распрацоўцы вучэбных планаў для новых спецыялістаў — будучых рэжысёраў мастацкага і дакументальнага кіно, рэжысёраў і мастакоў мультыплікацыі, кінааператарства... Былі зроблены пэўныя захады па пашырэнні тэатральнага факультэта; замест адной кафедры акцёрскага майстэрства і рэжысуры ўтварылі некалькі спецыялізаваных кафедраў — майстэрства акцёра, рэжысуры, сцэнічнай мовы і вакалу, кінатэлемастацтва.

Дзякуючы творчай задуме А.Каляды мы сёння маем ці не адзін з лепшых узораў мастацкага перакладу на беларускую мову шэрагу выдатных твораў. У творчай скарбонцы А.Каляды пераклад на беларускую мову ўсіх апавяданняў, чатырох аповесцяў і трох раманаў Ф.Дастаеўскага, асобных п’ес М.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава, І.Тургенева, М.Горкага, М.Булгакава, Г.Ібсена, С.Мрожака, Дж.Осбарна, С.Вармы, А.Гурнея, Л.Малюгіна, С.Цанева, п’ес шэрагу маладых драматургаў Беларусі...

Ён аўтар вучэбнага дапаможніка «Выразнае чытанне», кніг «Слоўнік акцёра і рэжысёра», «Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў», «Беларускае літаратурнае вымаўленне», вучэбна-метадычнага дапаможніка «Сцэнічная мова», аўдыёкніг «Людзі на балоце» «Подых навальніцы», «Прадслава», «Сны імператара», «Каласы пад сярпом тваім», «Быў. Ёсць. Буду».

Ён быў, ён ёсць, ён будзе для нас заўсёды мудрым, абаяльным, маладым і вельмі прыгожым чалавекам, які нарадзіўся ў вёсцы з не менш прыгожай назвай Панямонь. Памяць чалавека заўсёды схільная ўзнаўляць лепшае. Дзяцінства, гады вучобы ў Навагрудскай сярэдняй школе №1 праляцелі для Андрэя Каляды хутка. Не раз ён нам распавядаў пра сваё пастухоўства, пра маму, якая будзіла яго ранкам разам з сонцам. Ад гэтых гутарак нам станавілася цяплей і ўтульней каля свайго такога славутага педагога. Рэдка хто са студэнтаў не ведаў пастухоўскага хлеба. І таму мы разам з ім прыгадвалі дзяцінства, сваіх мам. Матуля нашага настаўніка Аляксандра Міхайлаўна здолела прывіць дзецям — Ніне, Жору, Жэню і Андрэю — не толькі працавітасць і самаадказнасць, але і шчырасць, дабрыню, спагадлівасць да людзей і высокае пачуццё ўласнай годнасці.

Крыху пазней мы даведаліся, што значна паўплываў на фарміраванне характару падлетка родны дзядзька па матчынай лініі Іван Міхайлавіч Макоўскі. Гэта быў адукаваны, інтэлігентны чалавек. А павагу да мастацкага слова, адчуванне яго прыгажосці выхоўвала на сваіх уроках настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Сямёнаўна Сакалова.

З асаблівай удзячнасцю Андрэй Андрэевіч і па сёння ўспамінае мастацкага кіраўніка тэатральнага калектыву раённага Дома культуры Навагрудка Арсена Лабовіча, які прапанаваў юнаку паспрабаваць свае акцёрскія сілы ў галоўнай ролі ў спектаклі «Справа Глеба Рагозіна». А імя Канстанціна Мікалаевіча Саннікава мы чулі ледзь не на кожнай рэпетыцыі, у час гутарак, паездак і нават нашых сціплых застолляў, якія не раз дапаўняліся надзвычай смачнымі бутэрбродамі, падрыхтаванымі для галодных студэнтаў яго любімай жонкай Таццянай. Што цікава: для Саннікава-педагога, як і для нашага Каляды, такія паняцці, як выхаванне і навучанне, былі непадзельныя. І калі нам Андрэй Андрэевіч распавядаў, што Саннікаў нецярпіма ставіўся да фальшу, патрабаваў ад студэнтаў натуральнасці пражывання на сцэне, мастацкасці ў паказе праўды жыцця, мы бачылі ў гэтай характарыстыцы адначасова і нашага шаноўнага Каляду, які таксама быў асабліва патрабавальны да выразнасці слова, дысцыпліны паводзін, звяртаючы ўвагу на неабходнасць штодзённа трэніраваць свой акцёрскі інструмент, удасканальваць сродкі ўнутранай акцёрскай тэхнікі.

Прыемна было даведацца, што нас, будучых педагогаў, навучаў прафесіянал, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў ліпені 1962 года па размеркаванні быў залічаны ў трупу праслаўленага Купалаўскага тэатра. А на праграмцы дыпломных спектакляў трынаццатага выпуску акцёрскага факультэта сярод іншых знаходзім пажаданні: «Збыліся мары — вось і ў тэатры, прычым Янкі Купалы, а гэта, брат, не мала! К.Саннікаў».

Нямала створана, нямала перажыта і пражыта. Так многа хочацца яшчэ сказаць і ўспомніць добрага, светлага. Віншуючы Андрэя Андрэевіча з Днём нараджэння, жадаю, каб жыў мой любімы настаўнік доўга-доўга і ўсё ў яго жыцці было добра! Упэўнена, што да гэтых віншаванняў далучацца мае сябры- «жываслоўцы»: настаўніца беларускай мовы і літаратуры адной са смалявіцкіх школ Яўгенія Паўлаўна Чакур, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення адукацыі Аляксандр Іванавіч Сягоднік, Пётр Ламан — паэт, акцёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа, Андрэй Каламіец, Васіль Ніцко, Аляксандр Гладкі, Андрэй Кізіно — артысты Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Мікола Шабовіч, Аляксандр Лугоўскі — выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М.Танка і многія іншыя, хто вучыўся ў цудоўнага Мастака беларускага Слова.

Семдзесят гадоў Андрэю Андрэевічу Калядзе... З юбілеем, мой найдаражэйшы Настаўнік! Дачакацца Вам у добрым здароўі і 80, і 90, і 100!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?