«J_Mopc» не сядзяць, склаўшы ручкі, не адпачываюць на ляўрах, як сьцьвярджаюць зайздросьнікі. Яны працуюць на тое, каб пастаянна прыцягваць увагу стракатай і капрызьлівай беларускай аўдыторыі. Пад аранжава-чорную вокладку дыска сабрана ўсё, што хоць некалі ў творчасьці «J_Mopc» зрабілася гітамі (ад віртуальна-фатальнага «Web-дызайну» да бізнэс-рамантычнага «Так-цік-так»). Адчуваючы рост цікавасьці слухача да сябе, музыкі гурту рызыкнулі прэзэнтаваць шэраг рэдкіх і нават невыдаваных кампазыцый: дэмбельска-шалапутлівы «Кастрычнік», постдэкадэнцкі «LSD ці чай?», каляжныя «Партызаны». Але чамусьці не знайшлося месца для надзвычайнай беларускамоўнай песьні «Маё дзяўчо», якая выдавалася толькі аднойчы. Як і на папярэдніх альбомах ды сынглах, на «Маім сонцы» зьмяшчаецца некалькі рэміксаў. Сюрпрызам жа для любога аматара «J_Mopc» стане відэабонус зь пяцьцю кліпамі. Але вось здаецца, што галоўных сюрпрызаў варта чакаць трошкі пазьней — у наступным арыгінальным альбоме.
P.S. Амаль анэкдот з нагоды.
У адной гомельскай дыскарні. Паказваю дыск «Прэм’ер-тузін» і пытаю:
— Колькі?
— 7500, — адказвае хлопец-прадавец.
— А гэты? — паказваю «Маё сонца» «J_Mopc».
— Таксама 7500. У нас усе расейскія дыскі па 7500.