Зрынуты з пасады спраўнік прэм’ер-міністра Тайлянду Таксін Чынават у сераду заявіў, што не чакаў вайсковага перавароту.

«Я не чакаў, што такое адбудзецца. Я прыляцеў сюды (у Нью-Ёрк на Генэральную асамблею ААН) як прэм’ер-міністар, а зьяжджаю як беспрацоўны», – заявіў Чынават журналістам, ад’яжджаючы зь Нью-Ёрку, паведамляе тайляндзкая газэта The Nation.

«Добра, што ніхто мне не дае работы. Я гатовы працаваць, але яны (арганізатары перавароту) яе мне не даюць, і гэта добра», – цытуе газэта словы зрынутага прэм’ера.

Чынават гэтаксама заявіў, што падтрымлівае повязі са сваякамі, і спадзяецца, што можа правесьці перамовы з вайскоўцамі, што зрабілі пераварот.

Зьвесткі пра месца, дзе зараз знаходзіцца Таксін Чынават, супярэчаць адныя другім. Паводле адных, ён ужо прыбыў у Лёндан, паводле другіх – толькі ото маніцца ляцець у брытанскую сталіцу зь Нью-Ёрку.

Вайсковы пераварот у Тайляндзе надарыўся ў аўторак. Арганізатары абвясьцілі, што спраўнік кіраўніка ўраду Таксін Чынават звольнены з пасады, а абавязкі прэм’ера часова ўсклалі на генэрала Сонці Буньераткліна. Генэрал Сонтхі — першы мусульманін, які замае такі высокі пост у арміі Тайлянду. Мусульмане складаюць меншасьць у гэтай краіне.

Мэта перавароту – захаваньне дэмакратыі і перадача ўлады цывільнаму ўраду з наступным скліканьнем выбараў», – кажуць у сваёй заяве, распаўсюджанай мясцовымі СМІ, арганізатары перавароту.

Вайскоўцы, якія назваліся Групай дзеля адміністрацыйных рэформаў, запэўнілі, што аддана служаць манарху. Апазыцыя вінаваціць Таксіна Чынавата ў тым, што на пасадзе кіраўніка ўраду той спрыяў абагачэньню сваіх сямейнікаў.

Увечары ў сераду генэрала Сонтхі Буньераткліна кароль Тайлянду прызначыў кіраўніком Нацыянальнай Рады па адміністрацыйнай рэформе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?