Працуючы ў камандзе Андрэя Саннікава, Віктар Івашкевіч не мае намеру пакідаць шэрагі Партыі БНФ. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН.

Нагадаем, 12 чэрвеня падчас сойма партыі старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Віктар Івашкевіч заявіў, што на прэзідэнцкіх выбарах будзе працаваць у камандзе лідэра грамадзянскай кампаніі »Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Івашкевіч растлумачыў гэта сітуацыяй у Партыі БНФ. »Я адыходжу ў бок. Я лічу, што трэба актыўна ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, а не займацца ўнутрыпартыйнымі чысткамі. А займацца прэзідэнцкай кампаніяй можна толькі ў камандзе кандыдата ў прэзідэнты», — заявіў ён на сойме.

«Саннікаў, на мой погляд, найбольш аптымальны кандыдат у прэзідэнты, якога варта падтрымліваць, — сказаў Івашкевіч. — Ён не займаецца барацьбой кандыдатаў супраць кандыдатаў. Ён не браў удзелу ў шматлікіх працэдурах вылучэння »адзінага кандыдата», якія закончыліся нічым. Ён не займаецца »грызнёй паміж сабой», а проста працуе на вынік».

Паводле слоў палітыка, ён не збіраецца пакідаць пасаду старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. «На 21 чэрвеня запланаваны сход членаў Мінскай гарадской арганізацыі. На ёй я раскажу пра вынікі сойма партыі, выкажу сваю пазіцыю і дам актывістам права вырашаць — падзяляюць яны маю пазіцыю або не. Калі будзе прынята рашэнне аб тым, што я павінен пакінуць гэтую пасаду, я яе пакіну», — заявіў Івашкевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што фармальна ніякіх перашкод для ўдзелу членаў партыі ў прэзідэнцкай кампаніі на баку непартыйнага кандыдата не існуе. »Наконт гэтага няма ніякага калегіяльнага рашэння партыі. Нават калі б яно было, ніякім калегіяльным рашэннем не прымусіш людзей працаваць на кандыдата ў прэзідэнты, якога яны не падтрымліваюць. І ў партыі няма ніякіх механізмаў для таго, каб прымусіць людзей рабіць тое, што ім не падабаецца», — падкрэсліў палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?