Ускормлены тутэйшымі эфэмамі, слухач ня знойдзе на дыску ні чорных бумэраў, ні чарнічных разьбітых сэрцаў, ні далі-чужбінушкі, якія сталі ўвасабленьнем масавай беларускай музыкі безь беларускага слова. На дыску толькі беларускае — па мове, настроі, ідэалёгіі. Гэта праўдзівы тузін процілегласьцяў, якія імкнуцца спалучыцца, парадаксальна дапоўніць адна адну, ня ведаючы слова «фармат». Таму побач песьні пра «не пайшоў нам клафэлін» («Крамбамбуля» — «Турысты») і пра «цяпер за Радзіму адказвае кожны з нас» («UltraВожык» — «Атлянтыда»), пра «вецер на тваіх далонях» («J_Mopc» — «Так-цік-так») і пра «схавай у мяне сваіх салдат» («Нэўра Дзюбэль» — «Жыцьцё»). Сьмех і грэх, каханьне і патрыятызм — усё ў адным «тузінаўскім» фляконе. Да ўсяго варта адзначыць прагрэсіўнасьць тузінаўцаў (Wiecier Mechaniczny, Сяргей Будкін, Аляксей Мінчонак): адчуваючы нястачу на беларускім рынку айчынных кружэлак з mp3-запісамі, яны дапоўнілі свой выніковы прадукт мэгабонусам з трыццацёх песень акурат у mp3. У мэгабонусе датрыманы той самы прынцып спалучаных супрацьлегласьцяў. «Тузін гітоў» даўно стаў правобразам добрага беларускага музычнага радыё заўтрашняга дня. Слухач жа, не зважаючы ні на што, ужо пасьпеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0