Восенню 2008 года Еўрасаюз замарозіў візавыя санкцыі ў дачыненні амаль усіх беларускіх чыноўнікаў, што ўваходзілі ў спіс невыязных. Па‑ранейшаму не могуць трапіць на Захад толькі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, а таксама чацвёра падазраваных у гучных знікненнях (Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзмітры Паўлічэнка і Уладзімір Навумаў). Які лёс напаткаў гэтых асобаў?

Па загадзе Шэймана

7 мая 1999 г. знік былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка. Потым у верасні раптоўна прапалі палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі, яшчэ праз год — тэлеаператар Дзмітры Завадскі.

У выніку следства генерал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік прадставіў рапарт на імя міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. У запісцы Лапацік, на аснове матэрыялаў, сабраных следчымі, абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на знішчэнне Юрыя Захаранкі. А загад выконваў Дзмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забяспечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным з мінскага СІЗА №1.

Паўлічэнка нават апынуўся па справе ў ізалятары, але хутка быў адтуль вызвалены. У ордэры адзначалася, што «Паўлічэнка з’яўляецца арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела дачыненне да выкрадання і забойства людзей».

У чэрвені 2001 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, новую інфармацыю па справе зніклых далі былыя следчыя рэспубліканскай пракуратуры Дзмітры Петрушкевіч і Алег Случак.

Яны заявілі, што ў краіне існуе так званы «эскадрон смерці», які быў створаны міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым па загадзе сакратара Рады бяспекі Віктара Шэймана. Па інфармацыі следчых, брыгаду ўзначальваў Дзмітры Паўлічэнка. Пасля адстаўкі Сівакова «эскадрон» нібыта перайшоў пад кантроль Уладзіміра Навумава. Петрушкевіч і Случак паведамілі, што групай было здзейснена блізу 30 забойстваў.

Пасля даклада кіпрскага дэпутата Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса згаданым дзяржаўным асобам быў забаронены ўезд у краіны Еўропы.
Віктар Шэйман

Пасаду дзяржсакратара Рады бяспекі Віктар Шэйман страціў пасля мінскага выбуху на Дзень Рэспублікі ў 2008 годзе. Да гэтага ён быў фактычна другім чалавекам у краіне.

«Не думаю, што Вы павінны заставацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя, перш за ўсё! Вы паводле даручэння прэзідэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізуеце падобныя мерапрыемствы. І нічога не зрабілі!» — эмацыйна выказваўся тады Лукашэнка.

І Шэйману давялося пакінуць свой кабінет. Паводле неафіцыйнай інфарма¬цыі, вырашальную ролю ў адстаўцы ўсемагутнага Шэймана сыграў часовы хаўрус між міністрам унутраных справаў Навумавым (ён заўсёды недалюбліваў Шэймана) і Віктарам Лукашэнкам. Яны абвінавацілі ў выбуху якраз кіраўніка Рады бяспекі.

Як здавалася тады, Шэйман паў. Але не для таго гэты чалавек на працягу многіх гадоў старанна заваёўваў уплыў і ўладу, каб так лёгка яе здаваць.

Хоць Шэйман і пазбавіўся сваёй асноўнай працы, але пакінуў за сабой місію ў беларуска‑венесуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню. Ужо праз пару тыдняў пасля адстаўкі ён сустракаў у аэрапорце «Мінск‑2» Уга Чавэса, а праз месяц сам накіраваўся ў Каракас.

На беспартфельнай працы ўраджэнец Воранаўскага раёна прабыў амаль паўгода. У студзені летась стала вядома аб прызначэнні Шэймана на пасаду пасла па асаблівых даручэннях. Ягоны новы кабінет, хоць і не такі шыкоўны, як папярэдні, месціцца ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта па адрасе вуліца Карла Маркса, 38.

Цікава, што «асабліва важныя даручэнні» Шэйман атрымлівае ў асноўным на Лацінскую Амерыку. У Венесуэле гэты чалавек стаў ужо амаль як родны.

Вось і зусім нядаўна чыноўнік вярнуўся з чарговага турнэ з той часткі планеты. Падчас візіту Шэйман наведаў Кубу, Эквадор, Балівію і, канечне ж, Венесуэлу.

Дарэчы, з Лацінскай Амерыкай звязаны і адзін скандал, у які трапіў Шэйман. У маі 2008 года Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць ноўтбука з электронным лістом лідэра калумбійскіх партызанаў, у якім той гаворыць, што венесуэльскі прэзідэнт Уга Чавэс спрабуе ўзброіць калумбійскіх паўстанцаў з дапамогай Беларусі.

Іспанская El Pais сцвярджала, што найлепшым сябрам калумбійцаў мог аказацца ўжо былы дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман. Менавіта ён быў адным з тых, хто прабіваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу.

За апошні час Шэйман пафарбаваўся, стараўся змяніць імідж. На сустрэчах з Чавэсам ці Маралесам Шэйман часта апранае вайсковую форму, а таксама мноства ордэнаў і медалёў.

Шэйман зноў узмацняе свае пазіцыі і аўтарытэт. Пагаворваюць, што ён зноў можа вярнуцца ва ўладу. Прынамсі, яму сватаюць пасаду старшыні Камітэта дзяржакантролю на месца пенсіянера Ломаця. Але ці адважыцца Лукашэнка вярнуць такога паплечніка?


Віктар Шэйман курсуе ў Амерыцы ад сталіцы да сталіцы. 5 чэрвеня ён сустракаўся
з прэзідэнтам адной з найбяднейшых краінаў кантынента — Балівіі — Маралесам.

Праз такога пасланніка Уга Чавэс можа вырашаць самыя сакрэтныя справы.
Юрый Сівакоў

Сівакоў быў першым з падазраваных, хто сышоў у цень. У 2005 годзе яго знялі з пасады міністра спорту і турызму. Дарэчы, на гэтай пасадзе Сівакоў адзначаўся ці не найбольшым дэмакратызмам сярод сваіх калег. Прынамсі, ніколі не падзяляў журналістаў на «чэсных і нячэсных», як сталі рабіць ягоныя наступнікі.

Танкіст Сівакоў на няпрофільнай для сябе пасадзе спрабаваў разабрацца з карупцыяй, што квітнела ў ягоным ведамстве. З адстаўкай Сівакова гэтая барацьба заціхла.

Склаў Сівакоў з сябе таксама абавязкі старшыні рады Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецпадраздзяленняў войскаў МУС «Гонар».


Генерал Сівакоў працуе прарэктарам прыватнай ВНУ.
У свабодны доступ выставіў толькі вось гэтае сонечнае фота.
Цяпер жа Юры Сівакоў займае сціплую пасаду прарэктара па выхаваўчай працы Мінскага інстытута кіравання — прыватнай ВНУ.
З’яўляецца па сумяшчальніцтве дацэнтам кафедры працоўнага і крымінальнага права. Чытае курс крыміналогіі і крымінальна‑выканаўчага права.

30 кастрычніка 2007 года рашэннем ВАК прысвоенае вучонае званне «дацэнт права». З калегамі Сівакоў імкнецца трымаць пэўную дыстанцыю.

Дзмітрый Паўлічэнка

Першы камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС палкоўнік Дзмітры Паўлічэнка пайшоў у адстаўку яшчэ ў сакавіку летась.

Афіцыйна Паўлічэнка звольнены з вайсковай службы ў сувязі з хваробай.
Апошняя пасада, якую ён займаў, — намеснік камандзіра корпуса аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы.

На яе Дзмітры быў прызначаны ў лістападзе 2008 года. Перад гэтым камандаваў брыгадай спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС (в/ч 3214, Уручча, Мінск).

Хадзіла мноства чутак, што Паўлічэнка быў шпіталізаваны, што ў яго быў інсульт. Але нешматлікія з’яўленні перад журналістамі даказвалі, што Паўлічэнка ў добрым стане. Хворы чалавек на Вадохрышча ў палонку не палезе.


Паўлічэнка апошні раз з’яўляўся на публіцы падчас выставы СМІ. У нязменнай скуранцы.
Апошні раз на публіцы ён з’явіўся падчас выставы «СМІ ў Беларусі».

Пра тое, што Паўлічэнка мог трапіць у апалу, можа сведчыць хаця б той факт, што ў сакавіку з’явілася інфармацыя аб арышце ягонага роднага брата.

У МУС пацвердзілі, што брат Паўлічэнкі, доктар, затрымліваўся КДБ праз знікненне шэрагу наркатычных сродкаў з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы, якая падпарадкоўваецца Дэпартаменту выканання пакаранняў. Але падрабязнасці той справы невядомыя.

Уладзімір Навумаў

Былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў летась спачатку згубіў міністэрскі фатэль, а потым і пасаду ў Федэрацыі хакея.


У Мінску ўпарта хадзілі чуткі пра выкраданне і арышт Навумава.

Генерал‑лейтэнант Навумаў цяпер працуе ў Маскве на пасадзе дарадцы Сяргея Чэмезава, генеральнага дырэктара дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналогіі». Гэтая структура знаходзіцца пад асабістым кантролем Уладзіміра Пуціна.

Кажуць, што Навумава з’ехаць у Маскву фактычна прымусілі, у праціўным выпадку пагражаючы крымінальнай справай і зняволеннем. Тым не менш, сам Навумаў кажа, што бывае ў Мінску, хоць «па Радзіме яшчэ не паспеў засумаваць».

Цікава, што нядаўна дыпламатычную пасаду ў Жэневе страціў і сын Навумава Захар.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру