У цэнтры Бэрліну, у раёне Прэнцлаўэр Бэрг, месьціцца стары бровар - вялізны прамысловы комплекс з чырвонай цэглы. Праўда, цяпер замест таго, каб вырабляць піва, тут яго разьліваюць у куфлі, што дапамагае спажываньню ладных порцыяў мастацтва самага рознага кшталту. Кожны корпус бровару перароблены ці то на музычны клюб, ці то на выставачную залю, ці то на кактэйль-бар для эстэтаў.

20 верасьня ў літаратурнай майстэрні «Культурбровару» сустракалі «нашаніўцаў» Андрэя Дынька, Лявона Вольскага і Андрэя Хадановіча. Ідэйны натхняльнік і рухавік праекту – нямецкі журналіст Інго Пэтц, які ў інтэрвію нярэдка прызнаецца, што Беларусь зрабілася для яго другой радзімай. Фінансава нашаніўскія чытаньні падтрымала Нямецка-беларускае таварыства ды Фонд Робэрта Боша.

Адчыніў вечар нямецкі экспэрт у беларускіх справах Райнэр Лінднэр з Фонду навукі і палітыкі экскурсам у гісторыю «Нашай Нівы». Ён асабліва падкрэсьліў, што і сёньня перад «НН» стаяць, бадай, тыя самыя праблемы, зь якімі яна сутыкалася стагодзьдзе таму.

Андрэй Дынько падзяліўся думкамі пра тое, чаму так адбываецца. Ён не збаяўся самакрытыкі на адрас айчынных інтэлектуалаў, але і выказаў упэўненасьць, што зараз працэс фармаваньня беларускай нацыі паскараецца – таму ў пэсымізм упадаць ня варта.

Лявон Вольскі зладзіў акустычны канцэрт, засьпяваўшы свае хіты з праектаў «Я нарадзіўся тут» ды «Народны альбом». Андрэй Хадановіч аднавіў у вершах вольную сакавіцкую атмасфэру ды разварушыў залю сваім калядным рэпам.

За найлепшыя пытаньні да гасьцёў былі паабяцаныя прызы. Цішотку «Застаемся!» зь лягатыпам «НН» атрымаў Марцін Шон, журналіст «Нямецкай хвалі», адзін з тых маладых нямецкіх інтэлектуалаў, якія здолелі навучыцца беларускай мове лепей, чым большасьць беларусаў. «Нямеччына ставіцца да краінаў, дзе разьвітае нацыянальнае пачуцьцё, калі не адмоўна, то прынамсі з насьцярогай, - зьвярнуўся журналіст да Андрэя Дынька. - У вашай канцэпцыі нацыянальная ідэнтычнасьць – гэта мэта народу. Наколькі сучасная нацыянальная ідэя ў ХХІ стагодддзі?» Паводле думкі галоўнага рэдактара «НН», «Лукашэнка тады прайграе выбары, тады перамены могуць адбудуцца ў Беларусі, калі большасьць беларусаў будуць лічыць сябе беларусамі, а не савецкімі людзьмі, славянамі, ці некім яшчэ».

Іншы, сымбалічны прыз - запрашэньне на 200-годзьдзе «НН», дастаўся наймалодшаму ўдзельніку імпрэзы, малому бэрлінскаму беларусіку. Ён спытаўся ў Лявона Вольскага пра тое, ці падабалася таму хадзіць у дзіцячы садок. Нялёгкае пытаньне прымусіла рок-зорку зазірнуць у маленства. Паводле словаў Лявона Вольскага, у той час ён быў пастаўлены ў жорсткія ўмовы: пытаньне «падабаецца-не падабаецца» перад ім не стаяла. «Гэта была барацьба за выжываньне», - прызнаўся сьпявак.

Калі раней Нямеччына, паглядаючы на ўсход, нярэдка не заўважала Беларусь у ценю Спаскай вежы, дык цяпер па колькасьці беларускіх імпрэзаў яна можа канкураваць з нашымі краінамі-суседзямі, якія традыцыйна з сымпатыяй ставяцца да нашай культуры. Паказальна і тое, што мэдыйным партнэрам сьвяткаваньня 100 год «НН» у Нямеччыне сталася радыёстанцыя «Нямецкая хваля» (узгадайма, якія спрэчкі ішлі вакол мовы яе перадачаў!). Зараз эмоцыі ўлягліся, і «Нямецкая хваля» бярэ інтэрвію ў «нашаніўцаў» па-беларуску.

Гэтая восень выдалася ў Нямеччыне сапраўды беларускай. Нашаніўскія чытаньні адбыліся акурат пасьля канфэрэнцыі ў Вітэнбэргу, на якой разам сабраліся нямецкія і беларускія экспэрты ды палітыкі, на пачатак кастрычніка заплянаваны паказ у Бэрліне ды Дрэздэне беларускіх фільмаў, а таксама вялікі фэст беларускай культуры «goodBY» у нямецкай сталіцы, які працягнецца з 6 па 11 кастрычніка (http://www.festival-good-by.de/).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?