Афіцыйны кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на газавы ўльтыматум Расіі. Адначасова сёння віцэ-прэм'ер Кабякоў заявіў у Санкт-Пецярбурзе, што Беларусь застаецца ў Мытном саюзе і гатовая абмяркоўваць спрэчныя пытанні.

Адносіны дзяржаў і народаў вымяраюцца не кубаметрамі газу або тонамі нафты. Пра гэта заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, дзелячыся сваімі ўражаннямі пасля перадпрэм’ернага прагляду беларуска‑расійскага мастацкага фільма «Брэсцкая крэпасць» у мінскім кінатэатры «Цэнтральны».

Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да старшыні тэлерадыёкампаніі саюзнай дзяржавы Ігара Угольнікава, папрасіў як мага хутчэй перадаць гэты фільм кіраўніцтву Расіі. «Для іх ён вельмі актуальны», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба памятаць пра адно: што адносіны паміж дзяржавамі, народамі вымяраецца не кубаметрамі газу і тонамі нафты, пошлінамі або іх адсутнасцю. Трэба памятаць, што мы разам абаранялі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго словаў, гэты фільм навеяў на яго цэлую буру уражанняў «на злобу дня».

Ён адзначыў, што падчас перамоваў у Маскве з боку расійскага кіраўніцтва часта гучыць слова «прагматызм». «Трэба перафарматаваць нашы адносіны і зрабіць іх прагматычнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, цытуючы кіраўніцтва Расіі, адзначыўшы, што зараз у Маскве гэта вельмі модная фраза.

«Хацеў бы, каб яны паглядзелі вось гэта (фільм «Брэсцкая крэпасць»). Мы тады былі ў адных акопах, а па той бок былі яны», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што зусім не заклікае да якога‑небудзь дыпламатычнага ці эканамічнага рэваншу.

Лукашэнка адзначыў, што і надалей гатовы браць удзел у стварэнні такіх фільмаў.

Адначасова сёння віцэ-прэм'ер Кабякоў заявіў у Санкт-Пецярбурзе, што Беларусь застаецца ў Мытном саюзе і гатовая абмяркоўваць спрэчныя пытанні з Расіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?