Як бы беларусаў зрабіць больш расейскімі? Ідэалягічная вэртыкаль узялася за вырашэньне гэтай надзённай задачы.

Пачынаючы з канца ліпеня «Советская Белоруссия» вядзе на сваіх старонках «абмеркаваньне» артыкулу А.Рубінава «Еще раз об идеологии». Слова «абмеркаваньне» бяру ў дзьвюхкосьсе, бо гэта суцэльнае ўсхваленьне яго тэзісаў плюс мэтадычнае паліваньне гразьзю ўсяго беларускага. 31 жніўня газэта надрукавала два асабліва «моцныя» артыкулы…

Першы пад назвай «Методологические идеологемы историков» належыць пяру доктара гістарычных навук Петрыкаву, аўтару манаграфій пра сацыялістычнае будаўніцтва ў БССР і дзейснага сябра шматлікіх радаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў.

У традыцыях барацьбы з «нацдэмаўшчынай» канца 1930-х гадоў Петрыкаў крытыкуе дасягненьні беларускай гістарычнай навукі апошніх пятнаццаці гадоў. У чым толькі аўтар ні вінаваціць гісторыкаў. Тут і прапаганда Вялікага Княства Літоўскага як беларускай дзяржавы, і антырасейскія настроі, і заніжэньне ролі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гістарычным разьвіцьці Беларусі.

Гэта старая песьня, і, на шчасьце, Вялікае Княства Літоўскае дзяржавай польскіх і літоўскіх фэадалаў у сьвядомасьці людзей ужо ня зробіш, але Петрыкаў уздымае яшчэ і моўнае пытаньне. Тут трэба спыніцца падрабязьней. Аўтар рашуча выступае ў абарону расейскай мовы ў школах, навуцы і паўсядзённым жыцьці беларусаў, прычым абгрунтоўвае яе сучаснае даміноўнае становішча гістарычнымі прычынамі: «сложный процесс «русификации», особенно в начальный период, оказывал и оказывает благотворное влияние на развитие политической, экономической и социально-культурной жизни в Беларуси». Канечне ж, аказваў і аказвае, асабліва калі ўзяць пад увагу нядаўняе рашэньне прэзыдэнта аб тым, што нацыянальная гісторыя мусіць выкладацца ў школах па-расейску.

Не абышлося і безь «філялягічных» аргумэнтаў: «разве наши предки не пользовались в VI–ХІІІ веках общим для всех восточных славян «руським» языком?»

Самае заўважнае ў ідэалягічных пабудовах Петрыкава – гэта бессаромнае перамешваньне чарнасоценскай русіфікатарскай прапаганды і камуністычнай ідэалёгіі, характэрнае, дарэчы сказаць, для большасьці савецкіх гісторыкаў, выхаваных у сталінскі час. Ня любяць гэтыя гісторыкі чытаць клясыкаў, асабліва У.Леніна, а вось мы яго працытуем: «Интернационализм со строны… так называемой «великой нации» (хотя великой только своими насилиями, великой так, как велик держиморда) должен состоять не только в соблюдении формального равенства наций, но и в таком неравенстве, которое возмещало бы то неравенство… которое складывается в жизни фактически…» Вось бачыце, калі беларускай мове цяжэй, чым расейскай, то могуць быць нават дапушчаныя пэўныя прэфэрэнцыі беларушчыне. Як бачым, шаноўны таварыш Петрыкаў, Уладзімер Ільіч і ягоная рэвалюцыя былі на нашым, беларускім, баку, а вы такім парадкам аніякага дачыненьня ня маеце да Кастрычніцкай рэвалюцыі, як ня мае да яе дачыненьня ўсё, зробленае «вождем всех народов» Сталіным пры канцы 1920–1950-х.

Другі артыкул «Пиво – не культура…» напісаны не такім тытуляваным навукоўцам, але таксама цікавы. Яго аўтар – старшы саветнік юстыцыі Дзенісенка, які падпісаўся яшчэ як ляўрэат нейкай «Берасьцейскай зоркі – 2002» у намінацыі «Культура».

У артыкуле – гісторыя юнака, унука вэтэранаў вайны, які нападпітку спаліў вянкі на абэліску савецкім салдатам. Сутнасьць праблемы духоўнасьці аўтар бачыць у… развале СССР: «Возможно, в обществе не до конца преодолены породившие бездуховность последствия развала могущественной страны советов». Ну колькі можна ўваскрашаць тое, што ніколі не існавала – савецкі народ. Зрэшты, калі гісторыку Петрыкаву дазваляецца апэляваць да нейкага старажытнарускага народу, якога ніколі не існавала, то чаму б Дзенісенку не рабіць тое самае з народам савецкім?

У канцы наваяўлены прарок Ерамія ўсклікае: «Порок наказан. Но вопросы остались. Как и чем засеять каменистую почву нравственности, чтобы собрать урожай добрых дел?» Цікава, каму сп.Дзенісенка задае гэтыя пытаньні? Ці ж ня нашым уладам, якія папаўняюць бюджэт з самых танных у Эўропе пладовых вінаў? Ці, можа, тав.Петрыкаву, які лічыць, што, вывучаючы гісторыю Беларусі па-расейску, нашы дзеці стануць большымі патрыётамі і лепшымі людзьмі?

Сапраўдная нацыянальная ідэя нараджаецца не ў кабінэтах чыноўнікаў ідэалягічных упраўленьняў і выхоўваецца ў моладзі не пры дапамозе расейскамоўных падручнікаў.

Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?