З 16-га чэрвеня галадуе Мікалай Аўтуховіч, які патрабуе тэрміновага лячэньня зубоў. Пра галадоўку Аўтуховіча паведаміў адвакат Павал Сапелка.

Адміністрацыя спасылаецца на тое, што ў сьледчым ізалятары нібыта няма ўмоваў для гэтага лячэньня, між тым і ў шпіталь вязьня не кладуць. Мікалай Аўтуховіч накіраваў скаргу на імя намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па мэдычнай частцы, але ягоная скарга нават не выйшла з ізалятару.

«У выніку Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку і праінфармаваў адміністрацыю ізалятара, што з 22-га чэрвеня можа перайсьці да больш рашучых дзеяньняў, — кажа Павал Сапелка. — Мікалай сказаў, што

калі не будуць выкананыя ягоныя патрабаваньні, ад аўторку ён пачне сухую галадоўку.
А ягоныя патрабаваньні такія: сустрэча з намесьнікам начальніка дэпартамэнта выкананьня пакараньняў для вырашэньня праблемы пратэзаваньня зубоў».

Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў Менскім сьледчым ізалятары з 8-га лютага 2009 году. Дакладна год таму Аўтуховіч ужо трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць затрыманьня і крымінальнага перасьледу. Тая галадоўка працягвалася 93 дні, вязень схуднеў болей як на 30 кіляграмаў. Як Мікалай Аўтуховіч пачуваецца цяпер?

«Ня лепшым чынам. У яго баліць галава і пачалі абвастрацца тыя хранічныя захворваньні, якія ён набыў раней», — паведаміў адвакат Павал Сапелка.

Тым часам ў Шклоўскай калёніі з 15-га чэрвеня галадуе прадпрымальнік, сябра АГП Андрэй Бандарэнка. Зьвесткі пра акцыю пратэсту пацьвердзіла сястра вязьня Ірына, якая атрымала ліст ад брата. Бандарэнка патрабуе адмены прысуду, які лічыць незаконным. Адвакат Зьміцер Лаеўскі паведаміў наступную інфармацыю пра абскарджваньне прысуду.

«Днямі я атрымаў копію касацыйнай пастановы. Нават адразу дзьве копіі — у ў Першамайскім раённым судзе і даслалі такую ж копію з Менскага гарадзкога суду, куды я скардзіўся, што не дасылаюць копіі. Я Андрэю напісаў ліст ў калёнію, патлумачыў сытуацыю і ў хуткім часе буду падаваць скаргу».

Вязень калёніі ў пасёлку «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі Уладзімер Асіпенка на сувязь з сваякамі і адвакатам за гэты тыдзень не выходзіў. Адвакат Тамара Сідарэнка выказвае сваю вэрсію гэтага маўчаньня: «Ён ў карантыне і ня мае магчымасьці для ліставаньня ці тэлефонных званкоў».

Адвакат Тамара Сідарэнка разьлічвае на тое, што яе падабаронны выйдзе на волю паводле бліжэйшай амністыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?