Альковічы — гэта вёска ў Вілейскім раёне, дзе на трэці дзень дарогі з Мінска на Будслаў спыняюцца пераначаваць пілігрымы.

Касцёл Адзведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Касцёл Адзведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ксёндз Анатоль Парахневіч.

Ксёндз Анатоль Парахневіч.

Абраз Міхала Арханёла зноў на ранейшым месцы.

Абраз Міхала Арханёла зноў на ранейшым месцы.

Арнат са слуцкім пасам.

Арнат са слуцкім пасам.

Магіла а. Станіслава Кучынскага.

Магіла а. Станіслава Кучынскага.

Хата былога міністра.

Хата былога міністра.

Фігурку Хрыста на адной з хат аблюбавалі птушкі.

Фігурку Хрыста на адной з хат аблюбавалі птушкі.

У Альковічах жыве 22 чалавекі. Вёска ляжыць паміж большымі Юнцавічамі і Мацькаўцамі. У апошняй пабудавалі аграгарадок. Туды перавезлі і альковіцкую амбулаторыю. Там жыхароў больш. Але касцёл застаецца ў Альковічах.

Па нядзелях, як кажа мясцовы святар Анатоль Парахневіч, памаліцца ў Альковічы прыходзіць да 200 чалавек. З кожным годам лічба скарачаецца. Ксёндз Анатоль служыць у Альковічах амаль тры гады. Ён кажа, што яго папярэднік а. Уладзімір за шэсць гадоў пахаваў 800 чалавек з наваколля. Вёскі выміраюць.

«Што будзе з касцёлам, калі Альковічаў не стане? — пытаюся ў святара. — Нічога. З іншых жа вёсак найбольш вернікаў».

Праблема, з якой ксёндз змагаецца ад прыезду на Вілейшчыну — няправільнае назва храма, якой карыстаюцца і вілейскія чыноўнікі, і музейшчыкі. За тры кіламетры ад вёскі стаіць указальнік — «Касцёл Дабравесчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1897-1902» (правапіс захаваны). Святара здзіўляе, адкуль узялася такая назва. І паказвае каталіцкае выданне 1884 года, у якім пазначана, што ў Альковічах маецца касцёл Адзведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны, пабудаваны ў 1722 годзе. Стары, драўляны храм, разабралі ў канцы ХІХ стагоддзя, як пачалі будаваць цагляны. Ад старога касцёла захавалася агароджа і ніжні ярус званіцы.

Што да драўлянага храма, то ён узнік пасля таго, як у лесе між вольхаў (раней, па словах ксяндза, і вёска называлася менавіта Альховічы) знайшлі абраз Маці Божай з дзіцяткам. Ён захаваўся і да нашых дзён.

За савецкім часам у касцёле знаходзілася зернясховішча. Калгаснікі сюды заязджалі на трактарах. Тады і арган вывезлі. Аб колішнім інструменце сведчыць толькі стары здымак на сцяне. А. Анатоль распавядае, што камуністы громаадвод прыбралі ад касцёла. І падчас навальніцы маланка трапіла ў вежу. А крыж, праламаўшы дах, упаў унутр. Вежу аднавілі. Але цяпер яна меншая на шэсць метраў.

Калі ў 1989 годзе святыню вярнулі вернікам, у храм пачалі вяртацца абразы і іншыя рэчы, што людзі хавалі ад саветаў. Што да абразоў, то маюцца тут і зусім старыя.

Ёсць абраз Святой Барбары, які ксёндз адносіць да ХVІІ стагоддзя, бо пісаны ў барочным стылі.

Больш дакладную дату павінны сказаць спецыялісты, якіх святар хоча запрасіць для рэстаўрацыі рэліквіі.

Некалькі гадоў таму з храма скралі ікону Міхала Арханёла. Але цяпер яна зноў вісіць на ранейшым месцы. Пару месяцаў таму адзін расійскі калекцыянер, падазраючы, што рэліквіі, якія з’явіліся ў яго, былі скрадзены, перадаў іх у кляштар францішканцаў у Івянец. Адтуль альковіцкі абраз манахі вярнулі назад.

Наконт гэтага кс. Анатоль распавядае цікавую гісторыю. Калі гэтая ікона вісела ў касцёле, над ёй знаходзіўся абраз францысканца Максіміліяна Марыі Кольбэ. І выйшла, што вярнулі скрадзены абраз менавіта браты аднаго з Кольбэ ордэна. «Можна сказаць: «супадзенне», а можна сказаць: «цуд», — адзначае а. Анатоль.

Святар і сам любіць старасвеччыну. У касцёле ён стварыў нават невялікі музей. Тут драўляныя жорны, ручнікі, начоўка, медны посуд, кросны.

«Што не навучыўся ад бабулі, дык гэта хлеб пячы ды на кроснах ткаць», — заўважае ксёндз.

А ручнікі — гэта для яго цікавыя сведкі гісторыі. А. Анатоль паказвае палтаўскі ручнік з двухгаловым арлом. І тлумачыць, што гэта не ад вялікай любові да расійцаў украінцы вышывалі сімвал самадзяржаўя. Проста гэтая традыцыя яшчэ пайшла да часоў Візантыйскай імперыі.

Асаблівы гонар ксяндза — арнат (верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства) з фрагментам слуцкага пояса.

На ім і подпіс маецца, што выраблены ў «градзе Слуцку».

Кім з ураджэнцаў адметная вёска?

Побач з касцёлам апошні прыстанак знайшоў а. Станіслаў Кучынскі (1914-1996). Гэта ён, вытрымаўшы выпрабаванні вайны і саветаў, стаў рэктарам адчыненай у 1990 годзе ў Гродне першай у Беларусі каталіцкай семінарыі. А як памёр, то пахавалі яго цела ў роднай вёсцы.

З Альковічаў паходзіць і апошні міністр гандлю СССР Кандрат Церах.

Гэтую пасаду ён займаў з 1986 па 1991. У роднай вёсцы пра земляка даўно не чулі. А раней заязджаў рэгулярна. Захаваўся і дом, дзе жыла сям’я Церахаў. Ён, праўда, ужо колькі гадоў не прыдатны для жылля. Зусім лядашчы. Аб земляку нагадвае і крама, якую Церах «падарыў» некалі вяскоўцам. Сёння тут найлепш ідзе недарагое віно. А што больш? Нічога. Хлеб пакупаецца ў аўталаўках, якія прыязджаюць сюды з Вілейкі і Мінска.

Некалі ў вёсцы былі кнігарня, бібліятэка, амбулаторыя, школа. А цяпер толькі сельсавет.

На мясцовых могілках закінутыя магілы змяняюцца дагледжанымі. Ксёндз Анатоль паказвае мне сямейныя пахаванні ўладальнікаў навакольных вёсак: Багдановічаў і Баркоўскіх. Некаторыя прадстаўнікі роду Багдановічаў пахаваны асобна. Чаму так, ксёндз не ведае. Але вось аб пані Марыі з гэтага роду расказвае, што яна пахавана была тут у 1942 годзе. Як прыйшлі немцы ў 1941, жанчына прыехала ў бацькоўскія мясціны. На што спадзявалася? Невядома. Можна толькі здагадвацца, што яна збіралася гаспадарыць у маёнтку пры новай уладзе. Але праз год немцы яе расстралялі. Побач з Багдановіч — магіла яе служкі. Калі паненку схапілі немцы, служцы дазволілі вяртацца дадому. На што тая сказала: «Не, я пайду там, дзе пані пойдзе». І абедзвюх жанчын расстралялі.

Пляменнік Марыі Анджэй Багдановіч, які цяпер жыве ў Варшаве, расказваў, што гэтую цётку не любяць у сям’і. Калі прыйшлі саветы ў Заходнюю Беларусь, Анджэй акурат у яе гасцяваў. Але цётка ўцякла ў Вільню, пакінуўшы пляменніка. І пяцігадовага хлопчыка адправілі ў Сібір.

Падчас вайны, па расповедах вяскоўцаў, у Альковічах размяшчаўся нямецкі гарнізон. Уезды ў вёску былі агароджаны калючым дротам. І жыхары навакольных вёсак прыганялі на ноч сюды сваю скаціну, каб уначы яе не забралі партызаны. Так яна знаходзілася пад абаронай.

Што пабачыць паблізу

Сосенка – Вілейскае вадасховішча і дамба цераз яго.

Паняцічы: радзіма Янкі Філістовіча.

Кучкі: багаты дачны пасёлак на беразе Вілейскага вадасховішча, у якім атабарыліся многія зоркі ТБ.

Кумельшчына і Кастыкі — краявіды даліны Вяллі і вярхоўяў Вілейскага вадасховішча.

Калодчына, Ільянскія хутары: магілы савецкіх актывістаў, забітых беларускімі партызанамі.

Мястэчка Ілья: касцёл св. Сэрца Ісуса (1909), царква св. Ільі (1828).

Старынкі: сядзіба, дзе можна пакатацца вярхом на кані.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?