У пятніцу ва ўправе БНФ адбылася прэс-канфэрэнцыя сяброў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зьмітра Хведарука, Насты Палажанкі і Паўла Красоўскага. Нагода: арышт і высоўваньне афіцыйнага абвінавачваньня сустаршыні «МФ» Зьмітру Дашкевічу.

Фота Юліі Дарашкевіч

Юнакі сказалі, што ўжо найбліжэйшым часам яны зьбіраюцца распачаць агульнарэспубліканскую кампанію, якая будзе мець на мэце вулічныя акцыі, вывешваньне расьцяжак і многае іншае. Актывісты зьбіраюцца праводзіць акцыі да той пары пакуль Дашкевіч ня будзе вызвалены.

Юрыст Валянцін Стэфановіч адзначыў, што для Зьмітра Дашкевіча была абраная мера стрыманьня, як утрыманьне пад вартай, з той нагоды, што ён аднойчы не зьявіўся на допыт, хоць загадзя паведаміў у пракуратуру аб тым, што ня зможа на ім быць, а таксама таму, што не пражывае стала на месцы прапіскі – у Старых Дарогах.

Моладзь выказала ўпэўненасьць у тым, што нягледзечы на крымінальны перасьлед, «Малады фронт» будзе працгваць сваю дзейнасьць, як у сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах. Таксама была выказана жаданьне працаваць у самых неспрыяльных умовах.

Сёньня прайшоў чарговы допыт па справе «Маладога фронту» Сержука Лісічонка. Наста Палажанка выказала думку, што Дашкевіч на судзе ня будзе адмаўляцца ад удзелу ў «Маладым фронце», ён мае па гэтым пытаньні досыць прынцыповаю пазыцыю.

Дарэчы, ад Зьмітра з Валадаркі пачалі прыходзіць першыя лісты. Ён піша, што трымаецца досыць добра, хоць камэра перанаселеная на 12 месцаў 20 арыштантаў. Большасьць зь іх паліць, а Дашкевіч ня можа пераносіць тытунёвага дыму. Разам з тым ён не губляе надзеі і верыць, што ўжо досыць скора апынецца на волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?