Сёньня, 23 верасьня, сябры і паплечнікі Зьмітра Дашкевіча атрымалі першыя ягоныя лісты з Валадаркі. Датаваныя яны 19 верасьня.

«Прывітаньне, сябры!

У мяне ўсё добра, уваходжу ў спакойны рытм жыцьця на Валадарцы. Кепска, што патрапіў на выходныя, таму тры дні вымушаны сядзець у «адстойніку». Гэта такія камэры, што служаць перавалачную базаю перад самою «валадаркаю». У памяшканьні 12 мэтраў квадратных сядзіць 25 чалавек. Спалі трое сутак седзячы. Кумар ад цыгарэтаў такі, што ня бачна суседняй сьцяны – з усіх я адзін не палю.

Сёньня паднялі ў «хату» №92. Тут крыху весялей – 16 шконак і 21 чалавек. Сматрыла хаты – малады хлопец, гадоў мае 27. Паціху абжываюся. Як казаў наш брат Фінік, «мышыная вазьня».

Час, безумоўна цяжкі. Выпрабавальны. Ад таго, як мы пераадолеем гэтыя выпрабаваньні, будзе залежыць лёс « Маладога Фронту» і лёс беларускай моладзі, каторая, я больш чым перакананы, згуртуецца вельмі шмат у выпадку спыненьня нашай дзейнасьці».

У адным зь лістоў Зьміцер піша, што чакаў такога павароту падзеяў, хаця ня думаў, што «закрыюць» яго так хутка. Узгадвае, што за дзень да пасадкі павесіў на вуліцы сушыцца бялізну.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0