Ваўкавыск чарговы раз прыцягвае ўвагу СМІ навіною, зьвязанай з польскай нацыянальнай меншасьцю. Дырэктар тамтэйшай школы з польскай мовай навучаньня на пачатку акадэмічнага году атрымаў ліст з мясцовага ўпраўленьня ўнутраных спраў. Да кіраўніцтва школы даводзілася, што для працы ў школе замежных настаўнікаў патрэбная адпаведная ліцэнзія. У выніку месца польскіх настаўнікаў занялі іх беларускія калегі – выпускнікі Гарадзенскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Я. Купалы ды беластоцкіх ВНУ. Як паведаміла радыё "Свабода", школьнікі старэйшых клясаў засталіся незадаволеныя якасьцю выкладаньня новых настаўнікаў і на знак пратэсту перасталі наведваць заняткі. Школьніцкі страйк нібыта працягваецца зь мінулага тыдня.

Карэспандэнт "НН" зьвярнуўся да аднаго з бацькоў, чый сын навучаецца ў ваўкавыскай польскамоўнай школе. Сп. Віктар Вайчук паведаміў наступнае: дзеці не займаліся ў мінулы аўторак, прапусьцілі тры заняткі. Потым зь імі пагутарылі, паабяцалі вырашыць пытаньне належным чынам і вучні аднавілі заняткі. Паводле слоў В. Вайчука, з бацькамі наладзілі гутарку чыноўнікі раённага аддзелу адукацыі, сабраўшы іх спачатку па клясах, а потым на агульнашкольным сходзе. Там чыноўніца РАА патлумачыла сытуацыю, як неабходнасьць у першую чаргу працаўладкаваць сваіх спэцыялістаў. Абураныя бацькі нібыта пакінулі сход. Распачаты збор подпісаў за тое, каб аднавіць на працы польскіх настаўнікаў. "Сярод польскіх настаўнікаў былі розныя па ўзроўні. Настаўніца польскай мовы, напрыклад, вывучыла не аднаго пераможцу алімпіядаў, нават і міжнародных" – кажа сп. Вайчук. Паводле школьнікаў, беларускія настаўнікі няблага валодаюць польскай мовай, аднак ня гэтак добра, каб адказваць на пытаньні па-за школьнай праграмай.

У Ваўкавыскім РАА паведамілі, што заняткі ў школе з польскай мовай навучаньня праходзяць у поўным рэжыме згодна з праграмай навучаньня. Ні пра страйк, ні пра збор подпісаў там нічога ня чулі. "Дзеці ўзьнялі пытаньне пра тое, чаму ў новым навучальным годзе няма іхніх польскіх настаўнікаў, ім усё растлумачылі і цяпер школьнікі працягваюць вучыцца з новымі настаўнікамі" – патлумачыла супрацоўніца ваўкавыскага аддзелу адукацыі.

Мясцовыя бачаць сярод прычынаў забароны на працу ў Беларусі для польскіх настаўнікаў працяг канфлікту вакол Саюзу палякаў у Беларусі. На апошнім, ініцыяваным уладамі, зьезьдзе прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці прысутнічаў дырэктар ваўкавыскай школы. Ходзяць чуткі, што яго "ўгаварылі" папрысутнічаць на зьезьдзе, матывуючы гэта тым, што яму засталося два гады да пэнсіі. Удзел на гэтым мерапрыемстве каштаваў яму забароны на ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?