Сёння ў Мінску пройдзе 11‑е пасяджэнне беларуска‑кітайскай камісіі па гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве. Для ўдзелу ў ім у Беларусь прыбыла дэлегацыя КНР у складзе прадстаўнікоў Міністэрства камерцыі, Экспартна‑імпартнага банка і Дзяржаўнага банка развіцця Кітая, а таксама кітайскіх галіновых асацыяцый і буйных кампаній.

Беларускую частку камісіі ўзначальвае старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць, кітайскую — намеснік міністра камерцыі Гао Хучэн.

«Асноўнай тэмай пасяджэння камісіі стане рэалізацыя заключаных у апошнія паўгода беларуска‑кітайскіх рамачных пагадненняў аб актывізацыі крэдытна‑інвестыцыйнага супрацоўніцтва, якія прадугледжваюць рэалізацыю сумесных праектаў», — паведаміў на мінулым тыдні на брыфінгу ў МЗС Беларусі прэс‑сакратар знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.

Акрамя ўдзелу ў пасяджэнні камісіі кітайская дэлегацыя сустрэнецца з прэм’ер‑міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім і яго першым намеснікам Уладзімірам Сямашкам. У праграме візіту таксама значыцца наведванне шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

***

25 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях супрацоўніцтва з КНР, на якой заявіў: супрацоўніцтва з Кітаем, краінамі Карыбскага басейна, Блізкага Усходу і Афрыкі — гэта пытанне выжывальнасці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы.

«Вырашым гэтую праблему — не толькі наша пакаленне, але і наступнае будуць жыць нармальна. Не вырашым — будзем куляцца, і нас будуць штурхаць у спіну так, як нас штурхаюць дагэтуль, будуць накідваць пятлю на шыю і зацягваць яе так, што хрыпець пачнем. Потым, магчыма, адпусцяць. А магчыма, і не. Вось чаму я так настойліва патрабую ад усіх дзяржслужачых і людзей, хто мае дачыненне да гэтага, больш актыўна дзейнічаць у гэтым кірунку», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва з Кітаем мае «выключна стратэгічны характар» — «на самым высокім узроўні» створаны »ўсе неабходныя ўмовы для далейшага пашырэння ўзаемадзеяння як у палітычнай, так і эканамічнай сферах».

У канцы 2009 года, нагадаў прэзідэнт, былі дасягнуты дамоўленасці аб адкрыцці для Беларусі льготных крэдытных ліній урада і банкаў Кітая на агульную суму прыблізна 15 млрд. долараў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў паводле заявак беларускага боку. Гэта амаль у два разы больш, чым усе замежныя інвестыцыі, укладзеныя ў эканоміку Беларусі ў 2009 годзе, у 4,5 разу больш за тое, што Беларусь атрымала ад МВФ, і ў 10 разоў больш за крэдыт, выдзелены «братэрская Расіяй», дадаў Лукашэнка.

Як паведаміла прэс‑служба прэзідэнта, падчас нарады была адзначана неабходнасць пераадолення стэрэатыпаў адносна кітайскай прадукцыі. Сёння гэта «ўжо зусім іншы Кітай», большасць паставак якога, у тым ліку ў Еўрасаюз, складаюць высокатэхналагічныя тавары: машыны, транспартнае абсталяванне, хімічная прадукцыя. Адным з перспектыўных праектаў было названа стварэнне ў Беларусі вытворчасці кітайскіх легкавых аўтамабіляў.

Лукашэнка запатрабаваў, каб да яго візіту ў КНР, які павінен адбыцца ў кастрычніку, былі дакладна прапрацаваны канкрэтныя перспектыўныя праекты будучага супрацоўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?