У ЗША здабыча сланцавага газу з 1990 вырасла з 10 да 40% ад усяго аб’ёму здабычы ў 2009, што прывяло да страты Расіяй статусу лідэра ў сусветнай газаздабычы па выніках мінулага году. Ці зможа сланцавы газ скласці годную канкурэнцыю газпромаўскаму? На пытанні пра ўнікальным досвед здабычы сланцавага газу амерыканцамі адказаў Міхаіл Карчомкін, кіраўнік аналітычнай кампаніі East European Gas Analysis.

— Сёння вельмі модна казаць пра здабычу сланцавага газу, пра тое, што ён нібыта зможа падарваць рынак прыроднага газу. Хацелася б, каб Вы правялі невялікі лікбез на тэму сланцавага газу. Што гэта за газ? Як адбываецца яго здабыча?

— Сланцавы газ — гэта, па сутнасці, той жа метан, які ўтрымліваецца ў больш цвёрдых пародах. Гэты газ раней быў тэхнічна недаступны, але потым з’явіліся новыя тэхналогіі свідравання, гідраўлічнага разрыву пластоў, і сланцавы газ стаў дасяжным.

— Колькі каштуе сланцавы газ у параўнанні са звыклым нам прыродным газам?

— Фактычна гэта той жа самы метан са звычайнымі дабаўкамі, якія сустракаюцца і ў радовішчах прыроднага газу. Сабекошт вельмі розны — у залежнасці ад тыпаў сланцавых пакладаў.

— Ці не саступае ён па якасці? Ці з’яўляецца сланцавы газ паўнавартаснай заменай традыцыйнаму прыроднаму газу?

— Гэта абсалютна раўнацэнная замена: газ дакладна такой самай каларыйнасці і падаецца ў тую ж самую газаправодную сістэму, што і звычайны газ.

— Наколькі тэхналогія здабычы сланцавага газу складанейшая? Наколькі вышэйшы будзе сабекошт гэтага газу ў параўнанні з традыцыйным?

— Цяпер сабекошт можна прасачыць толькі на прыкладзе Злучаных Штатаў. У залежнасці ад тыпу сланцу сабекошт можа быць ад 90 да 250 даляраў за тысячу кубаметраў. Для прыкладу скажу, што сярэдні сабекошт здабычы газу «Газпромам» — каля 19 даляраў. Гэта значыць, самы танны па кошце здабычы сланцавы газ у пяць разоў даражэйшы, чым газ, здабыты «Газпромам».

— Што ўяўляе сабой сёння рынак сланцавага газу?

— Гэта той самы рынак прыроднага газу. Па сутнасці, сланцавы газ — гэта газ, здабыты з іншага радовішча. Я б не супрацьпастаўляў гэты від газу традыцыйнаму: яго можна лічыць вынікам тэхнічнага прагрэсу. Гэтак жа складана супрацьпастаўляць газ, здабыты ў мора, газу, здабытаму на сушы: гадоў 20–30 таму марская здабыча была вельмі абмежаваная, а цяпер газ здабываюць з глыбіняў у паўтара кіламетра і больш.

— Хто ж купляе і прадае газ з такім высокім сабекоштам?

— Справа ў тым, што «Газпром» здабывае газ вельмі далёка ад месцаў спажывання, а сланцавы газ здабываецца блізка ад спажыўцоў. Кампанія, якая здабывае сланцавы газ, прайграе на сабекошце, але вельмі выйграе ў кошце транспартавання. Атрымліваецца, што, здабываючы газ за 100–150 даляраў за тысячу кубоў і прадаючы яго за 180 даляраў, кампанія мае нармальны прыбытак. Для «Газпрома» такая цана была б стратнай.

— Кажуць, што запасы сланцавага газу і газу ў вугальных напластаваннях значна перавышаюць запасы звычайнага газу. Інвестыцыі ў альтэрнатыўны газ імкліва растуць. Ці згодныя Вы з такім сцверджаннем?

— Так, гэта праўда. Яшчэ адна станоўчая рыса сланцавага газу і метану вугальных пластоў — гэта тое, што сабекошт іх здабычы пастаянна зніжаецца, у той час як сабекошт прыроднага газу пастаянна расце. Тлумачэнне гэтага вельмі простае: прыродны газ здабываецца на ўсё больш складаных радовішчах, больш аддаленых, а здабыча сланцавага газу — гэта новая тэхналогія, якая пастаянна мяняецца. Такім чынам, зніжаецца сабекошт.

— У ЗША здабыча сланцавага газу з 1990 вырасла з дзесяці да сарака працэнтаў ад усяго аб’ёму здабычы ў 2009, што прывяло да страты Расіяй статусу лідэра сусветнай газаздабычы па выніках мінулага году. ЗША працягвае павялічваць здабычу сланцавага газу, дзякуючы чаму спадзяецца неўзабаве і зусім адмовіцца ад імпарту паліва. За кошт чаго гэтая галіна і гэты напрамак сталі так імкліва развівацца?

— Гэтаму дапамаглі высокія кошты на прыродны газ, якія, зрэшты, і ініцыявалі здабычу складанага газу. Уклаўшыся ў гэтую здабычу, кампаніі набылі досвед, тэхналогіі сталі паляпшацца, газ стаў канкурэнтаздольным. Цяпер сланцавы газ выцясняе прыродны. У Амерыцы і Канадзе зачыняюцца свідравіны, што здабываюць прыродны газ, таму што з’явіўся лішак сланцавага газу.

— Якімі Вы бачыце перспектывы здабычы сланцавага газу ў Еўропе ў параўнанні з Амерыкай?

— Пакуль вельмі складана казаць. Яшчэ не было вынікаў тэставага свідравання, я не бачыў іх ні ў адной краіне.

— А якія складанасці са здабычай сланцавага газу могуць узнікнуць у Еўропе?

— Адзінае, з чым згодныя ўсе геолагі, — гэта тое, што няма двух аднолькавых тыпаў сланцаў. На кожным радовішчы будуць свае выдаткі, бо ў кожнага свае індывідуальныя геалагічныя характарыстыкі. Пакуль не прасвідруеш тэставыя свідравіны, не даведаешся, колькі будзе каштаваць здабыча.

— Паводле прагнозу Оксфардскага інстытута энергетычных даследаванняў, здабыча сланцавага газу ў Еўропе пачнецца не раней чым праз 10 гадоў: у адрозненне ад ЗША, у Еўропе значна менш свідравальных установак, і, акрамя таго, у Еўропе, дзе шчыльнасць насельніцтва вышэйшая, цяжэй атрымаць ліцэнзію на свідраванне, у той час як у ЗША здабыча сланцавага газу — гэта развітая галіна прамысловасці з нізказатратнай структурай. Так гэта ці не?

— Не пагаджуся, бо ведаю з досведу, што ў маланаселенай Заходняй Пенсільваніі цяпер вельмі цяжка атрымаць ліцэнзію на здабычу сланцавага газу. Кампаніі там сутыкаюцца з вялікімі перашкодамі. З іншага боку, на поўдні Францыі, недалёка ад Марсэля, кампаніі атрымліваюць дазвол на яго здабыванне. У Англіі, дарэчы, здабыванне ўжо вядзецца.

— Нашы суседнія краіны — Польшча, Украіна — вядуць перамовы аб куплі тэхналогій па здабычы сланцавага газу. Наколькі буйныя ў гэтых краінах радовішчы гаручых сланцаў?

— Самым перспектыўным рэгіёнам лічыцца Польшча. Я думаю, першыя вынікі будуць ужо гэтым летам.

— У Беларусі прэзідэнт таксама ставіў задачу знайсці сланцавы газ. Як Вы лічыце, ці выканальная гэтая задача?

— Беларусь мяжуе з Польшчай, геалагічна ў гэтых краінаў павінныя быць падобныя структуры. Калі паглядзець на карту запасаў сланцавага газу, апублікаваную кампаніяй Statoil, можна ўбачыць, што Беларусь таксама мае патэнцыял.

— Нядаўна праходзіла інфармацыя, што не менш за сорак нафтавых кампаній ужо пачалі пошукі сланцавага газу ў Еўропе. Royal Dutch Shell вядзе пошукі ў Швецыі і Украіне, Exxon Mobil — у Германіі, Conoco-Phillips і Chevron — у Польшчы. Ці вядома Вам, чым скончыліся гэтыя пошукі, ці яны яшчэ працягваюцца?

— Пакуль я чуў аб адным негатыўным выніку ў Венгрыі. Гэта было на адным канкрэтным радовішчы, дзе прыкладна год таму быў атрыманы адмоўны вынік. У астатніх пакуль вядзецца свідраванне. Шмат часу займае атрыманне дакументацыі на дазвол.

— Перспектывы здабычы сланцавага газу насамрэч у апошнія месяцы хвалююць газавую супольнасць, асабліва пасля таго як ЗША нечакана абскакалі Расію па здабычы газу менавіта за кошт здабычы са сланцаў. Аднак у «Газпроме» да такой канкурэнцыі ставяцца з доляй скептыцызму. Кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер адзначае, што «асноўны ажыятаж з нагоды сланцавага газу ідзе з амерыканскай прэсы». На Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу ён заклікаў «не пераацэньваць магчымасцяў гэтай тэхналогіі». На яго думку, сланцавы газ на сусветных рынках будзе граць ролю толькі дадатковай крыніцы рэсурсаў. Ці сапраўды сланцавы газ не зможа сур’ёзна пахіснуць пазіцыі таго ж «Газпрома», ці гэта больш бравада расійскага манапаліста?

— Я думаю, зможа. Гэтак жа, як звадкаваны прыродны газ калісьці лічыўся дарагім, так званым замыкальным палівам, а цяпер стаў таннейшым, чым трубаправодны газ. А ў Расіі выдаткі на здабычу прыроднага газу растуць больш, чым дзе-небудзь. Якраз расійскі газ мае ўсе шанцы прайграць сланцаваму газу і іншым тыпам паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?