Зварот падпісалі філосафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктарка Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў.

Барысаглебская царква ў Наваградку. Помнік, гісторыка-культурная каштоўнасць 1-й катэгорыі. Фота Змітра Міхневіча.

Цыбуліны ўжо вырабленыя. Фота Змітра Рагачова.

У сродкі масавай інфармацыі,
У Беларускі Экзархат Расейскай Праваслаўнай Царквы,
Усім сумленным беларускім праваслаўным вернікам,
У Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Таварыства аховы помнікаў паведаміла пра рэканструкцыю Барысаглебскай царквы ХІІ-ХVIІ ст. у Наваградку, што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці сусьветнага значэньня. Рэканструкцыю ажыцьцяўляе мясцовы праваслаўны прыход Расейскай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) Беларускага экзархату. На старажытны гатычны храм «рэканструктары» маюць намер усталяваць купалы-цыбуліны, якія фактычна разбураюць помнік.

Гэта ня першы выпадак вандалізму і барабарства, што пад выглядам рэканструкцыі культавых збудаваньняў дэманструе РПЦ у Беларусі. Гэтак, на будынку дамініканскага касьцёла, помніка эпохі Барока XVII ст. у Клецку, што перададзены цяпер пад царкву, самавольна быў пастаўлены купал-цыбуліна з крыжам вышыню 6 мэтраў; непапраўна пашкоджаны ў выніку несанкцыянаваных рамонтных работаў, а часам і наўмысна неадпаведных перабудоваў, унікальныя драўляныя цэрквы ў вёсках Гошчава Івацэвіцкага, Махро Іванаўскага, Порплішча Докшыцкага раёнаў ды ў многіх іншых месцах краіны.

Нявечацца ня толькі колішнія каталіцкія ці ўніяцкія храмы, а ўжо й самыя праваслаўныя, перарабляюцца на расейскі капыл.

Царкоўнымі ўладамі быў разбураны Малы гасьціны двор XVIII стагодзьдзя ў Менску, пл. Свабоды, 19–21 і многія іншыя помнікі гісторыі і культуры Беларусі. Гэткая практыка сталася ўжо нормаю.

Лічым сваім маральным абавязкам апэляваць да грамадзянскай і культурніцкай супольнасьці краіны з мэтаў выказаць рашучы пратэст супраць антыкультурнай, антыбеларускай дзейнасьці РПЦ. Зьвяртаем таксама ўвагу на тое, што разбурэньне аўтахтоннай культуры і беларускіх гістарычных помнікаў — адна з праяваў тыповай каляніяльнай палітыкі, што расейскія ўлады ажыцьцяўлялі цягам некалькіх мінулых стагодзьдзяў у акупаванай і далучанай да імпэрыі Беларусі. Цяпер гэтую палітыку працягвае РПЦ. Мы патрабуем спыніць разбурэньне нашай спадчыны!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?