Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі 20 верасьня пачало расьсьледаваньне адносна імпарту цукру зь Беларусі. Прэтэнзіі расейскага боку зводзяцца да таго, што ў беларускіх вытворцаў цукру ёсьць дзяржаўныя субсыдыі, гэткім чынам яны загадзя маюць больш прывабныя умовы за расейскіх вытворцаў.

Цалкам верагодна, што ў выніку расьсьледваньня расейцы могуць увесьці мытны збор для ўвозу беларускага цукру. Пакуль няма яснасьці, які памер будзе мець тая мыта і ўвогуле ці будзе яна ўведзена. Рашэньне будзе прынята ў другой палове кастрычніка.

Цягам першага паўгодзьдзя сёлета Беларусь імпартавала ў Расею 65 тысячаў тонаў цукру на 30 мільёнаў даляраў.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі, камэнтуючы для «НН» сытуацыю з цукрам адзначыў, што яна ў чарговы раз засьведчыла крызыс ідэі саюзнай дзяржавы. «Мы ўбачылі яшчэ раз, што няма нейкай мытнай саюзнай уніфікацыі. Кожны з бакоў працуе на свае інтарэсы, робіць грошы. Беларусы для сябе, расейцы – для сябе. Гэта звычайныя, лякальныя гандлёвыя войны, якія запэўніваюць нас у далейшай нежыцьцяздольнасьці саюза. Будзем спадзявацца, што такія канфлікты, як зь віном або цукрам, стануць прадвесьнікамі нармальных, як ва ўсім сьвеце, мытных адносінаў між нашымі краінамі. Разам з тым расейцы апошнім часам пачынаюць намякаць, што беларускі бок мусіць дзяліцца зь імі мытамі на экспарт нафтапрадуктаў. Калі такое насамрэч адбудзецца, то гэта будзе сапраўды ўдар для беларускай эканомікі. Там гаворка будзе весьціся не пра мільёны, як з цукрам, а пра мільярды даляраў». – мяркуе Аляксандар Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?