268 беларускіх студэнтаў, якія з чэрвеня знаходзяцца ў Польшчы, былі разьмеркаваныя ў сераду на далейшае навучаньне. Некаторыя зь іх трапілі ня ў тыя ўнівэрсытэты і не на тыя спэцыяльнасьці, якія яны пазначалі ў сваіх анкетах. Артура, які ў Беларусі вывучаў інфарматыку, у Польшчы адправілі на мэталюргію. Вольгу, якая да гэтага тры гады вывучала PR, разьмеркавалі на паліталёгію.

Каля 80 незадаволеных студэнтаў пратэставалі ў офісе «Studium Europy Wschodniej» у Варшаўскім унівэрсытэце, што займаецца каардынацыяй праграмы. «Нам дазволілі абраць кірункі і гарады. Але ў выніку нічога ня ўлічылі. Я не выбірала Жэшув, а цяпер павінна там вучыцца», – кажа Кацярына Тамковіч.

Разьмеркаваньнем беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэты займаўся дырэктар «Studium Europy Wschodniej» у Варшаўскім унівэрсытэце Ян Маліцкі і два ягоныя супрацоўнікі. Усю гэтую мітусьню яны тлумачаць асноўным чынам памылкамі ў перакладзе назваў кірункаў навучаньня ў анкетах.

Ян Маліцкі ўчора абвесьціў, што пераправерыць разьмеркаваньні. «Малыя гарады і прыватныя ўнівэрсытэты былі выключаныя з праграмы. Студэнты будуць навучацца ў дзяржаўных ВНУ ў вялікіх гарадах», – паведаміў ён. Каля 30 зь іх запросяць на гутарку, каб высьветліць зробленыя памылкі. Маліцкі кажа, што стыпэндыяльная праграма рэалізуецца слушна, і дарма беларускія студэнты, «замест таго, каб з энтузіязмам вывучаць польскую мову, з энтузіязмам акупавалі інстытут».

На ўчорашняй канфэрэнцыі прысутнічаў Аляксандар Мілінкевіч. Ён паведаміў карэспандэнту: "Мы ўдзячныя Польшчы. Праўда, бракавала спакойнага дыялёгу са студэнтамі. Гэта маладыя людзі, што доўга знаходзяцца па-за домам і нават добра ня ведаюць польскай мовы. Нельга капрызьнічаць пры выбары навучальнай установы, але цяжка не пагадзіцца, што яны мусяць мець уяўленьне пра тое, што будуць вывучаць Крытэрыі разьмеркаваньня не былі прафэсійна апрацаваныя".

Міхал Дворчык, дарадца прэм’ера: «У нас не было шмат часу на арганізацыю праграмы, мы дзейнічалі спантанна, каб прыняць беларусаў ужо цяпер.

У межах стыпэндыі студэнты атрымоўваюць месца ў польскіх навучальных установах, месца ў інтэрнаце і 1240 злотых штомесяц (каля 400 даляраў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?