У адпаведнасці з дакументам стаўка транзіту расійскага газу па тэрыторыі Беларусі ў 2010 годзе складзе 1,88 даляра за 1 тыс. куб. м на 100 км.

«Цяпер бакі праводзяць канчатковае ўзгадненне разлікаў», — цытуе генеральнага дырэктара «Белтрансгаза» Уладзіміра Маёрава дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Раней «Газпром» настойваў на стаўцы транзіту ў 2010 годзе на ўзроўні 1,45 даляра. Як заявіў 24 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Маскве афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў, «пры стварэнні СП з „Белтрансгазам“ быў падпісаны пратакол, які прадугледжвае магчымасць павелічэння стаўкі ў 2009 годзе да 1,74 даляра, у 2010 годзе — да 1,88 даляра».

Але гэтае рашэнне, адзначыў ён, было ўвязанае з увядзеннем оптавай надбаўкі «Белтрансгаза», якая дазваляе гэтай кампаніі, якая належыць на дадзены момант на 50% «Газпрому», атрымліваць прыбытак ад працы на ўнутраным рынку Беларусі. Купрыянаў падкрэсліў, што такая надбаўка не была ўведзеная, у сувязі з чым «Газпром» падчас разлікаў арыентаваўся на стаўку 1,45 даляра.

У сваю чаргу, беларускі бок заяўляў, што выканаў усе ўмовы дамоўленасцяў. Як паведаміў 23 чэрвеня журналістам першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, «Газпром» прыдумаў сабе легенду: нібыта «Белтрансгаз» не вытрымлівае нацэнку пры продажы газу ўнутры Беларусі». Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэтая нацэнка ў мінулым годзе ў Беларусі была вытрыманая.

Па словах Сямашкі, «Газпром» на працягу пяці месяцаў 2010 «не заплаціў ніводнага цэнта за транзіт газу». Такім чынам, утварылася пазыка ў 260 млн даляраў.

24 чэрвеня «Газпром» у лік пагашэння пазыкі пералічыў 228 млн. даляраў зыходзячы са стаўкі транзіту 1,45 даляра.

Пытанне аб вяртанні пазыкі за транзіт беларускі бок падняў пасля таго як «Газпром» запатрабаваў ад Мінска расплаціцца за доўг па газе, пастаўленага ў Беларусь у 2010 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?