Акварэлі аўтарства Адольфа Гітлера, намаляваныя падчас першай сусьветнай вайны, у аўторак будуць выстаўленыя на аўкцыёне ў мястэчку Lostwithiel, на паўднёвым захадзе Вялікай Брытаніі.

Калекцыя налічвае 21 карцінаў і эскізаў і ёсьць найвялікшым зборам твораў Гітлера, выстаўленых да гэтага часу на продаж.

Знойдзеныя акварэлі выклікалі вялізны інтарэс у калекцыянэраў з Расеі, ЗША і ПАР. Аднак ідэя арганізацыі аўкцыёну нараджае таксама шмат дыскусіяў. Частка грамадзтва лічыць недарэчным продаж працаў ваеннага злачынцы.

Калекцыю акварэляў Гітлера знайшла ў 80-х г. на гарышчы свайго дому адна бэльгійка. Жанчына, якая пажадала не агалошваць свайго прозьвішча, мяркуе, што іх пакінулі дзьве жанчыны з Францыі, якія ў 1919 г. пасьля заканчэньня вайны вярталіся дадому. Невядома, аднак, якім чынам у францужанак апынуліся тыя карціны.

Экспэрты пацьвердзілі аўтэнтычнасьць працаў. Аднак яны заўважылі, што іхняя якасьць горшая за ранейшыя працы Гітлера. Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі аўкцыённага дому спадзяюцца, што некаторыя акварэлі могуць быць прададзеныя нават за 5000 фунтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?