Выбараў ня будзе! Іх ужо няма, бо няма роўных умоваў для кандыдатаў. Твой голас нават лічыць ня будуць, і тады чым твой непалічаны голас за Мілінкевіча будзе адрозьнівацца ад непалічаных галасоў у 2001-м? Нічым.

Адзіны шлях перамагчы - сарваць выбары. Але байкот ня выхад. Я байкатаваў у свой час выбары й скажу: больш у гэтым казіно гуляць нельга. Перад закрыцьцём участку колькасьць тых, хто прагаласаваў, "дакручваецца" да патрэбнага працэнту вядомымі спосабамі. Дадайце датэрміновае галасаваньне і адмацавальныя талёны. Байкот ня мае дакумэнтальных наступстваў. Працэнт байкатоўцаў нельга зафіксаваць і даказаць.

Байкот на выбарах-2006 не рэальны і таму, што больш за 50% выбаршчыкаў усё роўна прыйдуць на ўчасткі - насельніцтва ў нас палітызаванае.

Адзіны шлях - Народнае галасаваньне. Хаця б 20-30% бюлетэняў сабраць - вынікі выбараў пад сумневам. А калі 50% +1 (і гэта рэальна!) - аўтаматычны імпічмэнт. Народнае галасаваньне ломіць у мэханізьме рэжыму досыць важны вузел - "галасавальную машынку". Не працуе адзін вузел - спыняецца ўся сыстэма.

Уявім: на ўчастку выварочваецца на стол скрыня, а там - палова белых аркушаў замест бюлетэняў. Падпісаўшы спушчаны згары пратакол, кожны чалец камісіі - а асабліва старшыня - падпіша сабе прысуд у справе фальсыфікацыі выбараў і спробе неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады. А доказы да гэтай справы - на руках у выбаршчыкаў (Народнай грамадзкай камісіі). Прычым доказы важкія - з подпісамі гэтага ж старшыні і чальцоў камісіі і пячаткай.

Нават прыхільнікі Лукашэнкі ня хочуць цярпець маніпуляцый і гатовыя праверыць чысьціню сыстэмы. Я сустрэў такое, размаўляючы зь людзьмі (зараз толькі й размоваў, што пра выбары): "Напішуць то яны напішуць, а я пагляджу, ці пра мяне напішуць! Паперына ж тутай!" - кажуць такія людзі. Прынамсі ў трох рабацяг я выкуплю іх бюлетэні за пляшку чарніла.

І тых, хто аспрэчвае моц Народнага галасаваньня, варта запытаць пра іншыя даступныя шляхі да Перамогі. Я пакуль такога ня бачыў. Часу засталося - менш чым два месяцы. Толькі й хопіць, каб паведаміць пра ідэю галасаваньня мільёнам тром-чатыром.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?