У цяперашняй эканамічнай сітуацыі, калі рынкі перанасычаныя, вытворцы змушаныя шукаць спосаб прыцягнуць увагу спажыўца да свайго тавару. Цяпер вытворца мусіць дбаць не толькі пра якасць тавару, але і пра запамінальную назву, брэнд, які дазваляе заваёўваць новых кліентаў і «трымаць» старых.

У Беларусі брэндавы маркетынг развіўся ў сярэдзіне 90-х. У выніку шматнапрамкавага палявання на ўдалыя назвы з’явіўся попыт і на беларускія словы і назвы, у прыватнасці на імёны гістарычных постацяў. Першай ластаўкай стаў «Усяслаў Чарадзей», элітная марка гарэлкі мінскага завода «Крышталь». Каб падкрэсліць адметнасць брэнда быў зроблены адмысловы дызайн бутэлькі, і ў дадатак яна стала першай ёмістасцю сярод алкагольных напояў беларускай вытворчасці, што дазваляла наліваць напой парцыйна, па-барнаму.

Вядома да «Чарадзея» былі і іншыя «гістарычныя» назвы: напрыклад пладовае віно аднаго з мясцовых заводаў, названае ўжо ў гонар прабабулі Чарадзея, Рагнеды. Брэндам той прадукт назваць цяжка — вытворцы, пэўна, найменш думалі пра развіццё маркі і якасць. Віно знікла ў час чарговай хвалі перайменаванняў, якія гэтак любяць ладзіць нашыя віназаводы. Аднак у калектыўнай памяці той выраб застаўся: на Барысаўшчыне пітушчых жанчын дагэтуль клічуць «рагнедамі».

На старажытных князях беларускі вытворца не спыніў пошукаў кандытатаў на брэнд. Гэта мы пра маянэз «Купалаўскі», які выпускаўся ў тым самым Барысаве. Шмат хто з спажыўцоў абурыўся: як можна прыніжаць гонар нацыянальнага паэта, змясціўшы яго імя на маянэзе. Дзіўна, што імёны іншых слаўных сыноў Бацькаўшчыны на алкагольных вырабах так не бянтэжаць.

Зрэшты, колькі гадоў таму ў Беларусі спрабавалі рабіць гарэлку «Шагал». Сваякі мастака, якія, ў адрозненні ад наўпростых нашчадкаў старадаўніх князёў, не звяліся, падалі на вытворцу ў суд. Вытворчасць «Шагала» давялося згарнуць. Хаця дадамо, што ў суседняй Польшчы ўжо колькі гадоў бесперашкодна робіцца гарэлка «Шапэн», і частка прыбыткаў ад яе продажу ідзе ў культурны фонд імя самога кампазітара.

Узялі ў маркетынгавы абарот і некаранаваных каралёў Беларусі — знакаміты род магнатаў Радзівілаў. На прылаўках з’явіліся хлеб «Радзівілаўскі», віно Radzivill (наўмысна ці не, назва была напісаная праз «v», а не праз «w», не раўнуючы як на падробках колісь пісалі не Adidas, a Adias). А яшчэ паўсталі «радзівілаўскія» гандлёвыя цэнтры,рэстараны і сетка супермаркетаў з, так бы мовіць, арыстакратычным радаводам. З апошніх навінак радзівіліяды — мінеральная вада «Радзівілаўская» і сок вытворчасці Клецкага кансервавага завода са слоганам на пачку: «У найлепшых традыцыях Радзівілаў». Клецк і сапраўды некалі належаў гэтай славутай сям’і. Тэму ж наяўнасці там апельсінаў у даўнія часы тактоўна абмінем.

Яшчэ адно слаўнае імя, якое пачынае грымець у беларускіх брэндах — Вітаўт. Першай ластаўкай была ружовая шампань «Князь Витовт», выпушчаная мінскім заводам ігрыстых вінаў. З’явілася яна, відаць, з меркаванняў шматвектарнасці, адначасова з «Москвой Златоглавой». І вось цяпер — калі ласка: па маршрутах Вільні будзе хадзіць «Вітаўт», беларускі тралейбус.

Пакуль сярод сотні самых моцных беларускіх брэндаў, сотні самых моцных беларускіх брэндаў паводле версіі украінскага агенцтва MPP Consulting, імёнаў гістарычных постацяў няма. Аднак рэкламіст Андрэй Гнёт лічыць, што называць тавары знакавымі назвамі беларускай гісторыі — прыбыткоўна. Маркі, што падымаюць на шчыт тое ці іншае гістарычнае імя, вылучаюцца незвычайнасцю і незацяганасцю на айчынных і замежных рынках. У дадатак Андрэй Гнёт лічыць, што называнні прадуктаў паводле нацыянальных герояў робіць свой пасільны ўнёсак у справу нацыянальнага самаўсведамлення. «Дзіця, якое прачытала назву „Вітаўт“ на бамперы тралейбуса, будзе патрабаваць ад бацькоў тлумачэння, хто такі Вітаўт. — кажа Андрэй Гнёт. — І бацькі проста павінны будуць распавесці хоць што пра князя і яго ролю ў гісторыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?