«Наша Ніва» з інфармацыяй пра «Хроснага бацьку»: тыраж знік
№ 25 «НН» расказваў пра сітуацыю з Мытным саюзам, фільм НТВ і рэакцыю на яго беларускіх уладаў.
«Нашу Ніву» бамбардуюць чытачы. Газеты няма ў продажы: у чым прычына? № 25 «НН» расказваў пра сітуацыю з Мытным саюзам, фільм НТВ і рэакцыю на яго беларускіх уладаў.
Трансляцыю стужкі ў Беларусі перакрылі. Аднак весткі пра яго выклікала вялікую цікавасць сярод насельніцтва. На
Звычайна «НН» паступае ў продаж у Мінску ў сераду ў абед, у рэгіёнах — у чацвер ад ранку. Ані ў сераду, ані ў чацвер, ані ў пятніцу газета ў кіёсках не паявілася. Хоць у сераду газета выйшла з друкарні звычайным парадкам, а 8.00. Тыраж быў звычайны — 6350 асобнікаў. І падпісчыкам газета прыйшла, як звыкла.
У «Белсаюздруку» нам адказалі: «Нічога не ведаем, на наш аптовы склад газета паступіла».
Мы прачакалі да вечара чацвярга. Аднак і пасля абеду газета так і не паявілася ў продажы. Для праверкі мы самі аб’ехалі кіёскі ў розных раёнах Мінска: на Юбілейнай плошчы, у раёне метро «Пушкінская», на плошчы Якуба Коласа, вуліцы Казлова, насупраць Акадэміі міліцыі, у раёне БНТУ. «Усе астатнія газеты прыйшлі, як звычайна, а «Нашай Нівы» чагосьці няма», — разводзілі рукамі кіяскёркі.
У адным з кіёскаў у Кунцаўшчыне кіяскёрка адказала, што «вы не першы пытаецеся. Не, няма. Нам кіраўніцтва сказала, што гэты нумар не выйдзе».
У кіёску ва Уруччы нам адказалі: «Нам паведамілі, што рэдактар гэтага нумара не выпусціў. А можа там як калісьці з «Тайнамі звёзд», дзе было нешта пра Лукашэнку і нам прыйшло ўказанне тэрмінова зняць з продажу».
У аддзеле рознічных продажаў «Белсаюздрук» а 17.00 адказвалі ранейшае: «Нумар паступіў у сетку». Ніякіх больш тлумачэнняў мы не атрымалі. Па стане на вечар чацвярга газета не з’явілася ў продажы і ў Гомелі, Брэсце, Гродне, Віцебску, Магілёве, Лідзе, Салігорску, Барысаве, Белаазерску, Наваполацку, Слуцку, Ваўкавыску, Мастах. Усюды адказвалі, што газета «не паступіла, хоць і павінна была».
Калі б адбыўся тэхнічны збой, у працэсе дастаўкі, газета мела б з’явіцца ў продажы са спазненнем максімум на паўдня, з наступнай экспедыцыяй. Аднак на гэты момант прайшло ўжо паўтара сутак, а газеты ў продажы няма. Таксама немагчыма вытлумачыць паступленне газеты ў асобныя кіёскі і яе адсутнасць у абсалютнай большасці, пры тым што прадукцыю развозіць адзін экспедыцыйны аўтамабіль.
За мінулыя два гады быў толькі адзін выпадак, калі газета ў абласных цэнтрах з’явілася ў продажы ў пятніцу, а не ў чацвер. І не было ніводнага выпадку, калі газета не з’яўлялася ў продажу ў Мінску ў чацвер.
Забаронены нумар «НН» можна прачытаць тут у ПДФ.
Каментары