Пісьмовае папярэджаньне ад міністэрства інфармацыі на адрас часопісу ARCHE выклікала пратэсты ў сьвеце.

Ніжэй мы публікуем звароты «Рэпартэраў бязь межаў» – гэта міжнародная арганізацыя, якая займаецца абаронай журналістаў і свабоды слова, і грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

«Рэпартэры бязь межаў» выказваюць глыбокую занепакоенасьць з нагоды паведамленьня зь міністэрства інфармацыі пра прыпыненьне выхаду часопісу ARCHE.

«Мы выказваем падтрымку рэдактару ARCHE і настойваем на тым, каб міністар інфармацыі перагледзеў сваё рашэньне», – паведамляе арганізацыя свабоды прэсы. Разьмежаваньне на гістарычныя і палітычныя артыкулы памылковае і скіраванае на тое, каб прыхаваць цэнзуру.

Фатаграфіі на вокладцы верасьнёўскага нумару паказвае атрады міліцыі, што разганяюць антыўрадавую дэманстрацыю ў сакавіку месяцы. У адным з артыкулаў дэталёва апісваецца сцэнар разгону апазыцыйных палітыкаў у парлямэнце ў 1995 г. Палітыкі пратэставалі супраць навязанага прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндуму, які меўся зрабіць расейскую мову адной з афіцыйных у краіне.

Галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў плянуе падаваць скаргу проці прыпыненьня выхаду часопісу. Створаны ў 1997 г. гэты часопіс часьцяком выкрываў болесныя пытаньні і крытыкаваў беларускія ўлады. Праз тое, што гэты часопіс апазыцыйны, дык ён ня можа прадавацца, таму распаўсюджваецца валянтэрамі. Галоўны рэдактар неаднакроць дасылаў запыты на дазвол друкаваць палітычныя артыкулы, але плёну тыя запыты покуль не далі.

Таксама зварот у Міністэрства інфармацыі даслала грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

Міністру інфармацыі

Рэспублікі Беларусь

ЗВАРОТ ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

у сувязі з прыпыненьнем дзейнасьці часопісу «ARCHE. Пачатак».

Паважаны Ўладзімер Васільевіч!

19 верасьня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджаньне рэдакцыі часопісу "ARCHE. Пачатак". У гэты ж дзень дзейнасьць часопісу была прыпыненая на Ваш загад. Нагодай для ўжываньня гэтых мераў названа зьмяненьне тэматыкі часопісу і непаведамленьне ў тэрмін аб гэтым міністэрства. За зьмяненьне тэматыкі часопісу рэгіструючы орган уважыў зьяўленьне ў ім публікацый грамадзка-палітычнага характару.

Зьвяртаем Вашу ўвагу, што зьяўленьне падобных матэрыялаў у любым выданьні ня сьведчыць аб зьмяненьні ягонай тэматыкі, тым больш, што ў беларускім заканадаўстве не замацавана, які аб’ём нумару можа быць адведзены пад матэрыялы таго ці іншага характару (выняткам ёсьць толькі рэклямныя матэрыялы і матэрыялы эратычнага характару, што зьвязана з памерам рэгістрацыйнага збору). Гэта пацьвярджаецца і тым, што ў арт.10 закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» гаворыцца, што заснавальнік у заяве аб рэгістрацыі СМІ мусіць указваць прыкладную, а не дакладную тэматыку і (альбо) спэцыялізацыю СМІ. Нават у савецкія часы ў літаратурна-мастацкіх часопісах друкаваліся публіцыстычныя матэрыялы.

Вынясеньне санкцый за зьмест сродку масавай інфармацыі пры адсутнасьці з боку рэдакцыі злоўжываньняў свабодай масавай інфармацыі ёсьць, на наш погляд, умяшальніцтвам у дзейнасьць і парушэньнем прафэсійнай самастойнасьці рэдакцыі, што паводле арт.48 закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ўважаецца за замах на свабоду масавай інфармацыі.

Пазасудовае прыпыненьне дзейнасьці СМІ органам выканаўчай улады парушае і міжнародна-прававыя абавязкі Рэспублікі Беларусь. Такім парадкам, арт.19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны нашай краінай, пастанаўляе, што абмежаваньні свабоды слова ня толькі мусяць быць устаноўленыя законам, але і мусяць быць неабходнымі для:

а) павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб;

б) аховы парадку, здароўя альбо маральнасьці насельніцтва.

Прычым гэтыя абмежаваньні павінны быць прапарцыйнымі вызначанай мэце і ня ставіць пад сумнеў абмежавальнае права.

Аналягічныя правілы замацаваныя і ў Канвэнцыі Садружнасьці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека, прынятай 26 траўня 1995 г.

Прыпыненьне Міністэрствам інфармацыі выхаду часопісу не адпавядае крытэрам неабходнасьці і прапарцыйнасьці і не перасьледуе мэты, якія дазволяць прызнаць дапушчальным умяшальніцтва органу выканаўчай улады ў дзейнасьць СМІ.

Такога кшталту практыка не аднойчы выклікала адмоўную рэакцыю міжнародных структур і арганізацый. Такім парадкам, прадстаўнік АБСЭ у пытаньнях свабоды СМІ Міклаш Харашці ў дакладзе аб выніках свайго візыту ў Беларусь (10 сакавіка 2005 г.) адзначыў, што Міністэрства інфармацыі, надзеленае шырокімі паўнамоцтвамі ва ўжываньні санкцый, празьмерна іх выкарыстоўвае, і заклікаў міністэрства «тэрмінова адмовіцца ад практыкі вынясеньня папярэджаньняў і прыпыненьня дзейнасьці газэт». На жаль, яго заклік ніхто не пачуў. Між тым, у Дэклярацыі стамбульскай сустрэчы на найвышэйшым ўзроўні (1999 г.) указваецца, што яе ўдзельнікі (у тым ліку Рэспубліка Беларусь, якую прэзэнтоўваў Кіраўнік дзяржавы) падтрымліваюць «намаганьні Бюро Прадстаўніка ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі па спрыяньні разьвіцьцю свабодных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі» (п.27) і бяруць на сябе забавязаньне забясьпечваць свабоду сродкаў масавай інфармацыі.

У сувязі з вышэй пададзеным, грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» просіць Вас скасаваць пісьмовае папярэджаньне, вынесенае на адрас рэдакцыі часопісу «ARCHE. Пачатак», і загад аб прыпыненьні дзейнасьці гэтага СМІ ад 19 верасьня 2006 г., а таксама устрымацца надалей ад прымяненьня гэтых мераў у дачыненьні да іншых сродкаў масавай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0