Уладар стыхій (The Last Airbender)

ЗША, 2010, каляровы, 103 хв.

Рэжысёр: М.Найт Ш’ямалан

Ролі выконваюць: Ноа Рынгер, Дэў Патэль, Нікола Пельц, Джэксан Рэтбоўн, Шаўн Тоўб

Жанр: Фэнтэзі

Адзнака: 4 (з 10)


Чатыры народы Вады, Агня, Паветра і Зямлі жылі ў згодзе, пакуль людзі Агня з дапамогай машынаў не пачалі войны. Землі і плямёны акупаваныя. Але нечакана з’яўляецца маленькі хлопчык — Аватар, здольны кіраваць усімі стыхіямі. Разам з новымі сябрамі герой вучыцца магіі і становіцца душой паўстання.

Карціна індуса Найта Ш’ямалана, пастаўленая паводле анімэ-сэрыялу — нуднавата-маляўнічая фантазія на аснове будыйскіх міфаў і магіі.
Абраны дзіцёнак са звышнатуральным здольнасцямі, баявыя агонь і вада, магія паветра, чароўны цмок у якасці духоўнага настаўніка.

Прыёмы кун-фу, вялыя бойкі, чырвоныя, блакітныя, зялёныя дэкарацыі. Імперска-жалезныя касцюмы захопнікаў. Чорныя караблі. Магія ў чарговы раз змагаецца з тэхнікай. Аватары ізноў ідуць у наступ (першапачаткова карціна называлася «Аватар», але Кэмеран апярэдзіў).

Маленькі герой Ноа Рынгер атрымаў галоўную ролю, даслаўшы рэжысёру відэа з уласна выкананымі прыёмамі тэквандо. Гэты імпэтны прыклад, бадай, адзінае, што апраўдвае карціну.

Кінатэрміны

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?