Лукашэнкаўскае агенцтва БЕЛТА разгортвае кампанію супраць расійскага кіраўніцтва. 8 ліпеня на сайце БелТА з’явіўся артыкул пад загалоўкам «З кожным годам усё больш расійцаў бачаць у Расіі прыкметы культу асобы Уладзіміра Пуціна».

Пры гэтым матэрыялы БЕЛТА перадрукоўвае большасць лукашэнкаўскіх цэнтральных і раённых газет. Прыводзім поўны тэкст артыкула.

З кожным годам усё больш расійцаў бачаць у Расіі прыкметы культу асобы Уладзіміра Пуціна. Пра гэта піша «Газета. Ru» са спасылкай на сацапытанне Левада-цэнтра ад 2–5 ліпеня.

Культ асобы прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна бачыць кожны чацверты расіец.
Паводле апытання, 27% расійцаў лічаць, што «ўсе прыкметы культу асобы Пуціна ў наяўнасці». Яшчэ 28% мяркуюць, што культу асобы пакуль няма, але «перадумоваў для яго ўсё больш і больш». Траціна рэспандэнтаў (33%) лічыць, што «ніякіх прыкметаў такога культу няма». Нарэшце, не змаглі адказаць 12%.
Сацыёлагі адзначаюць, што для большасці расійцаў культ асобы перастаў быць страшным і негатыўным.
Яшчэ чатыры гады таму культ асобы Пуціна заўважалі толькі 10%. «Рост сапраўды ўражлівы», — прызнае кіраўнік аддзелу сацыяльна-палітычных даследаванняў

Левада-цэнтра Барыс Дубін.

Мяркуючы па дадзеных сацапытання, культ асобы з кожным годам бачыць усё больш і больш людзей. У сакавіку 2006 «усе яго прыкметы былі ў наяўнасці» для 10%, у кастрычніку 2007 — ужо для 22%, яшчэ праз два гады — для 23%, а яшчэ праз менш чым год гэты паказчык вырас да 27%. Колькасць расійцаў, якія не бачаць ніякіх прыкмет культу асобы, знізілася з 57% да 33%.

«Справа ў тым, што само паняцце культу асобы больш не з’яўляецца такім негатыўным, як было пасля выкрыцця Сталіна. Цяпер гэта хутчэй пазітыўная ацэнка людзей, якія не бачаць нічога страшнага ў кульце асобы», — сказаў Барыс Дубін.

Як патлумачыў сацыёлаг, «за гады кіравання Пуціна склалася такая большасць расійскага насельніцтва, якое ў цэлым ухваляе існы парадак і ўпэўненае, што менавіта Пуцін з’яўляецца гарантам парадку і стабільнасці». У асноўным гэта людзі з адносным дастаткам, сярэдняга ўзросту, якія захоўваюць актыўнасць, у тым ліку палітычную, якія жывуць у сярэдніх і малых гарадах. Менавіта гэтая група людзей лічыць, што канцэнтрацыя ўсёй улады ў руках Пуціна і культ яго асобы карысныя для Расіі.

Сапраўды, больш за палову расійцаў (52%) лічаць, што Расіі «ідзе на карысць» тое, што ў руках Уладзіміра Пуціна сканцэнтраваная практычна ўся ўлада ў краіне. Толькі 22% думаюць, што абсалютная ўлада прэм’ера «нічога добрага Расіі не абяцае».

Амаль 80% расійцаў лічыць, што Расіі патрэбны кіраўнік — «моцная рука».

44% расійцаў лічаць, што «моцная рука» патрэбная Расіі «пастаянна», а яшчэ 33% мяркуюць, што «бываюць такія сітуацыі (напрыклад, цяпер), калі трэба засяродзіць усю ўладу ў адных руках». Супраць таго, каб аддаць усю ўладу аднаму чалавеку, выступае толькі 18%. «Гэта таксама тэндэнцыя 2000-х гадоў. Большасць раней лічыла, што не трэба канцэнтраваць уладу ў адных руках, а цяпер лічыць па-іншаму», — адзначыў Барыс Дубін.

Супрацьстаяць культу асобы па ідэі павінна палітычная апазіцыя. Аднак толькі 11% расійцаў лічаць, што ў Расіі «дакладна» ёсць апазіцыя. Яшчэ 38% думае, што яна «хутчэй ёсць, чым няма».

Сумняюцца ў існаванні апазіцыі яшчэ 30%, а 8% упэўненыя, што яе няма. Гэта не дзіўна, бо 68% расійцаў у ходзе апытання ўпершыню пачулі пра галоўную акцыю апазіцыі апошняга году — «Стратэгіі-31».

Добра знаёмыя з сутнасцю акцыі і ведаюць, што такія акцыі забараняюцца ўладамі і разганяюцца міліцыяй, толькі 3%. Магчыма, таму цалкам супраць акцыі выступаюць толькі 4%, а хутчэй супраць — 11%. Пры гэтым больш за дзве траціны лічыць, што апазіцыя патрэбная (23% — «дакладна так»; 44% — «хутчэй так»).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?