У палеміцы нашаніўскіх рэдактараў ("НН", №3), як здараецца ў падобных спрэчках, перапляліся значнае й малазначнае, агульнае й прыватнае. Менавіта ў прыватнасьці - але істотнай - хачу паправіць Андрэя Дынька. Не было пасьля выбараў-2001 "кароткага, але плённага пэрыяду лібэралізацыі". Так, размовы вяліся. Але яны скончыліся наступам на Курапаты, уціскам прафсаюзаў і закрыцьцём газэты "Пагоня". А вось "НН" (8 кастрычніка 2001) выдавала пажаданае за сапраўднае, назваўшы сьвежапрызначаных міністраў Шымава, Гуляку, Падгайнага "лібэраламі". Час паказаў, якія зь іх свабодалюбцы.

Сэрцам жадаючы, каб прароцтва С.Дубаўца аб надыходзе "клясычнага таталітарызму" выявілася памылкай, розумам цямлю, што падставы для такога прагнозу грунтоўныя як ніколі. Чаго вартае ўвядзеньне крымінальнай адказнасьці за дыскрэдытацыю дзяржавы - нават не само, а як сымптом сацыяльнай хваробы. Яе прыкметы - нечуваная нецярпімасьць да іншадумства ў носьбітаў улады, апатыя ў большасьці суграмадзянаў.

Чаму таталітарызм у Беларусі магчымы "толькі пасьля Расеі" - аўтар "Адказу Сяргею Дубаўцу" не патлумачыў. На мой одум, мажлівы і ў "асобна ўзятай Беларусі". Адкрытасьць межаў мала што мяняе, бо, вядома, мацнейшыя тыя межы, якія ў людзкой сьвядомасьці. Кастраўскі рэжым трымае плянку, хоць пускае ў Гавану турыстаў бадай з усіх краёў.

Лукашэнкаўцам цяжка поўнасьцю "перакрыць інфармацыйныя плыні". Гэтага й ня трэба. Дагэтуль перакрывалі і перакрывацьмуць у той ступені, каб суцішыць рэальных праціўнікаў. Паралельна інфапрастора забіваецца азаронкаўска-кісялёўскім тлумам, які сее ў абываталяў недавер да будзь-якіх меркаваньняў аб палітыцы. А значыць - і да зьменаў.

Насупор апанэнту Дубаўца, формы таталітарнага ладу ня зводзяцца да "фашызму, нацызму або сталінізму". Што калі гадоў праз дваццаць студэнтам-палітолягам давядзецца вывучаць лукашызм - мо як праяву нэасталінізму, а мо як фэномэн sui generis? Дый "вельмі сучасная дыктатура" не здаецца мне нашмат лепшым варыянтам, чым таталітарызм. Яна ўжо скараціла век сотням людзей, пры нагодзе скароціць і тысячам.

С.Дубавец чакае ад інтэлектуалаў "эзопавай мовы", А.Дынько - стварэньня культуры, альтэрнатыўнай афіцыёзу. Наўрад ці ў гэтым пункце дыспутанты моцна разыходзяцца. І эзопава мова, і простыя словы здольныя прасьвятліць розум. Тут важная дарэчнасьць, а яшчэ - маральная пазыцыя таго, хто прамаўляе.

Найважнейшае адрозьненьне сёлетняй палітычнай кампаніі ад выбараў-2001 у тым, што яна ладзіцца без Васіля Быкава. Другога "мудрага старога" (ці старой) на грамадзка-палітычнай сцэне не зьявілася. Таму, як любіць казаць адзін гарадзенскі паэт, "канец, кропка".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?